Лаўрэат кінематаграфічнай прэміі «Залаты глобус» Хаакін Фенікс выканае ролю Хрыста ў фільме «Марыя Магдалена».
Як паведамляе The Christian Post, у фільме Хаакін Фенікс будзе здымацца разам з актрысай Руні Марай.
Праект, які ў студзені 2017 года стартавала брытанская кампамнія See-Saw Films, у ЗША падтрымлівае Weinstein Co., а за мяжой пракатам будзе займацца Universal. Здымкі распачнуцца ўжо ў гэтым годзе, а рэліз чакаецца ў сакавіку наступнага года.
Крэсла рэжысёра зойме Гарт Дэвіс, прадзюсіраваннем фільма зоймуцца Іэн Канінг і Эміль Шэрман, вядомыя працай над фільмам «Кароль прамаўляе!».
«Я шукаў штосьці значнае. Я шукаў новы досвед, — патлумачыў выданню 42-гадовы акцёр Хаакін Фенікс, чаму захацеў выканаць ролю Хрыста. — Я падумаў: “Якая хвалюючая роля!”»
Мэта рэжысёра Гарта Дэвіса — зняць біблейскі фільм пра жыццё Марыі Магдалены з гуманістычнага пункту гледжання. Рэжысёр сцвярджае, што гэты фільм будзе адрознівацца ад іншых рэлігійных фільмаў, якія сталі папулярнымі за апошнія некалькі гадоў.
У ліпені 2017 года да акцёрскага складу далучыліся Чыветэл Эджыафор у ролі апостала Пятра і Тахар Рахім, які выканае ролю Юды Іскарыёта.