Падчас візіту Папы ў Калумбію ў Багаце яму прадставілі песню Demos el primer paso («Робім першы крок»), у якой у суправаджэнні 20 калумбійскіх музыкантаў чытала рэп 28-гадовая с. Марыя Валянціна ад Анёлаў.
Гэты афіцыйны гімн, які суправаджаў падарожжа Пантыфіка, змяшчае ў сабе элементы рэпу, традыцыйнай калумбійскай музыкі вальената, касцёльных спеваў і танцавальнай музыкі.
Рэп глыбока ў галаве
Як падкрэслівае с. Марыя Валянціна ў шматлікіх інтэрв’ю, мэта яе жыцця — «быць добрай законніцай і займацца музыкай, прычым так, каб слухачы захапляліся не яе голасам, а любілі Хрыста». Яна цэніць усе музычныя стылі, каб толькі ў іх быў «прыгожы і глыбокі змест». Акрамя гэтага, манахіня любіць чытаць рэп.
Сястра прызнаецца: «Рэп глыбока сядзіць у галаве. А калі ён узрушвае глыбокія пытанні, то ён тым больш уражвае». Сястра-рэперка тлумачыць, што азначае дэвіз «зрабіць першы крок»: «Гэта азначае, што мы самі павінны выходзіць, каб служыць, каб ісці да ўбогіх, на перыферыю, так, як казаў нам Святы Айцец».
Хабіт і красоўкі
У 17 гадоў яна вырашыла прысвяціць сваё жыццё Богу — праз год пасля сур’ёзнай хваробы, ад якой вылечылася незразумелым чынам, у чым сама манахіня бачыць Божы Провід. Яе любоў да музыкі (раней яна грала на гітары ў рок-гурце) не дала ёй адмовіцца ад любімай справы і ў кляштары.
У сваёй супольнасці Эўхарыстычных пасрэдніц Нябеснага Айца, заснаванай у 2004 годзе, яна іграе на гітары і ўкулеле. Носіць блакітна-белы хабіт і спартыўны абутак. Музыка і евангелізацыя праз сацсеткі — інтэгральная частка місіі Супольнасці. Сястра Марыя Валянціна разам з іншымі сёстрамі стварылі музычны гурт Comunicadoras і маюць свой канал на Youtube.
Спевы ў танцавальных рытмах хутка знайшлі прызнанне ў гледачоў і слухачоў па ўсім свеце. Большасць каментарыяў у прэсе на іх тэму зводзяцца да фразы: «Самыя радасныя манахіні ў свеце».
Comunicadoras — не адзіны такі феномен у Лацінскай Амерыцы. Рок-гурт Siervas з Перу, які таксама складаецца з манахінь (Супольнасць Служабнічак Божага Провіду), ужо выпусціў чатыры альбомы. Сёстры ігралі для Папы летась, падчас яго прабывання ў мексіканскім горадзе Сьюдад Хуарэс.