16 жніўня ў былым нацысцкім канцлагеры Аўшвіц у Асвенцыме, які з’яўляецца адным з сімвалаў жахаў мінулага стагоддзя, завяршылася міжнародная сустрэча моладзі, якая сабралася дзеля пашырэння дыялогу, прымірэння і міру.
Мерапрыемства, у якім прымалі ўдзел маладыя людзі з 14 краін свету — Польшчы, Германіі, краін Балтыі, ЗША, Украіны, Босніі і Герцагавіны, Расіі, — носіць таксама міжрэлігійны характар, а яго ініцыятарам выступае Фонд св. Максімільяна Кольбэ. Успамін гэтага святога прыпадае на 14 жніўня.
Такі семінар праходзіў ужо восьмы раз. Арцыбіскуп Бамберга Людвіг Шык, які прадстаўляў на сустрэчы нямецкі епіскапат, адзначыў, што сёння вельмі важна пазнаваць мінулае, каб падтрымліваць прымірэнне. «У Еўропе трэба яшчэ шмат зрабіць у гэтай галіне, бо мы бачым адсутнасць міру. Мір жа немагчыма зберагчы без пастаянных намаганняў. (...) Той, хто занядбоўвае гэтыя старанні, страчвае мір».
Менавіта такую мэту — будаваць будучыню свету, працуючы з новымі пакаленнямі, — ставіць перад сабою Фонд св. Максімільяна Кольбэ, які аддаў сваё жыццё ў канцлагеры Аўшвіц, каб уратаваць іншага вязня. «Маладыя людзі ўсёй Еўропы павінны стаць распаўсюджвальнікамі спакою, — падкрэсліў арцыбіскуп Шык. — І нават па-за еўрапейскімі межамі: у Афрыцы, Азіі, Амерыцы...»
На думку іерарха, Аўшвіц з’яўляецца месцам, дзе можна ўбачыць жахлівыя сляды нязгоды паміж людзьмі, этнасамі і народамі. «Аўшвіц больш чым якое-небудзь іншае месца ў свеце паказвае, да чаго могуць дайсці людзі, чынячы зло іншым. Жахі Аўшвіца ніякім чынам не павінны паўтарыцца... Святы Максімільян Кольбэ з’яўляецца нашым заступнікам і прыкладам», — дадаў нямецкі арцыбіскуп.