Пошук

11.08.2017 08:07   ekai.pl / Catholic.by

Фонд гуманітарнай дапамогі Redemptoris Missio ў Польшчы на працягу двух гадоў рыхтаваўся да рэалізацыі праекту па медыцынскай дапамозе ў Камеруне. У гэтыя дні ў Польшчу вярнуліся тры ўрачы, якія на працягу дзесяці дзён працавалі ў афрыканскім місійным шпіталі.

У шпіталь, які знаходзіцца ў цэнтры экватарыяльнага лесу ў мясцовасці пад назвай Салапумбі, звяртаюцца мясцовыя жыхары. Каб атрымаць медыцынскую дапамогу, пацыентам, у асноўным пігмеям, даводзіцца пераадольваць вялікі шлях, некаторым нават 150 км.

Хірургі Рэната Попік, Гжэгаж Шанэцкі і анестэзіёлаг Вольга Станькоўска на працягу гэтых дзесяці дзён аперыравалі ад рана да позніх начных гадзін, выкарыстоўваючы электрычнасць з генератара. Адна з урачоў падчас прабывання ў Афрыцы захварэла на малярыю, аднак працы не спыняла. Вынік іх працы, якую яны рабілі бясплатна і ў межах сваіх адпускоў, — 72 аперацыі на 57 пацыентах, наймалодшы з якіх ва ўзросце 2,5 гады.

Як падзяліліся польскія ўрачы, многія з пігмеяў працуюць на вырубцы лесу, дзе штодзень яны пераносяць вялікія цяжары. Таму ў асноўным аперацыі былі звязаны з выдаленнем грыжы.

«Мы не прадбачылі аднаго. Многія людзі ў Салапумбі засталіся без дапамогі. У гэты шпіталь працягваюць прыходзіць пацыенты, маючы надзею на аперацыю. Таму мы бачым, што наступныя экспедыцыі вельмі неабходныя, і мы не баімся ўзяцца за гэтую працу. Тым больш, што да нас звяртаюцца ўрачы, гатовыя туды паехаць», — адзначыла старшыня фонду Юстына Янец-Пальчэўска.

Фонд гуманітарнай дапамогі Redemptoris Missio быў заснаваны ў 1992 г. у Познані. Яго мэта — стварыць прафесійную базу для польскіх місіянераў, якія займаюцца медыцынскай дзейнасцю ў найбяднейшых краінах свету. Фонд арганізоўвае, між іншым, накіраванне на місійную працу польскіх урачоў і мядсёстраў, а таксама высылку лякарстваў, перавязачных матэрыялаў і медыцынскага абсталявання.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа