Паводле рашэння Апостальскай Сталіцы, правінцыя Таварыства Братоў Міласэрнасці ў Бельгіі да канца жніўня мае час, каб запэўніць, што ва ўстановах, якія ім належаць, не будзе праводзіцца эўтаназія.
Кожны з членаў правінцыі павінен асабіста падпісаць дэкларацыю, у якой пацвердзіць, што цалкам згаджаецца з навучаннем Каталіцкага Касцёла на тэму абароны жыцця ад зачацця да натуральнай смерці. У адваротным выпадку манахам пагражаюць кананічныя працэдуры, а ўсёй правінцыі выключэнне з манаскага таварыства і Касцёла.
Ватыканскі ультыматум з’яўляецца рэакцыяй на рашэнне бельгійскай правінцыі Братоў Міласэрнасці, прынятае ў сакавіку 2017 г., праводзіць эўтаназію ў сваіх установах. Кіраўніцтва манаскага таварыства ўжо тады выказалася катэгарычна супраць гэтага рашэння. Таксама манаская супольнасць атрымала ліст ад тагачаснага прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння кардынала Герхарда Мюллера, які нагадваў, што эўтаназія не адпавядае навучанню Касцёла.
Увыніку генеральны настаяцель таварыства брат Рэнэ Стокман звярнуўся да Апостальскай Сталіцы з просьбай ініцыяваць расследаванне. Праводзілі яго дзве дыкастэрыі — Кангрэгацыя Веравучэння і Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця. Прынятыя імі рашэнні зацвердзіў папа Францішак.
Таварыства Братоў Міласэрнасці было заснавана ў 1807 г. бельгійскім святаром кс. Петрусам Юзафам Трыстам. Сёння Браты Міласэрнасці прысутныя амаль у 30 краінах свету. У Бельгіі імі заснавана 15 псіхіятрычных цэнтраў, дзе і працуюць самі законнікі. Штогод іх паслугамі карыстаюцца пяць тысяч пацыентаў. У мінулым годзе ў гэтых установах зафіксавана 12 выпадкаў эўтаназіі.