Пошук

04.08.2017 16:45   Тэкст: deon.pl / Catholic.by

Даследуючы знойдзеныя на беразе Ніла парэшткі суданскай жанчыны, якая жыла прыкладна ў 700 годзе н.э., было зроблена незвычайнае адкрыццё: на ўнутраным баку бядра знаходзіцца татуіроўка — манаграма арханёла Міхала.

У 2005 годзе група археолагаў падчас раскопак адкрыла муміфікаваныя парэшткі звыш тысячы асобаў. На думку даследчыкаў, сухі клімат і пясок натуральна закансервавалі мёртвыя целы, дзякуючы чаму яны захаваліся на працягу такога доўгага часу. Частка знаходак была перададзена ў Брытанскі музей, у тым ліку цела суданскай жанчыны. Установа планавала выкарыстаць экспанаты для стварэння новай выставы.

Вучоныя з Брытанскага музея зрабілі тамаграфію муміфікаваных целаў. Гэтая працэдура дазволіла зрабіць трохвымерныя здымкі органаў, касцей, а таксама тканак. На здымку адной муміі была выяўлена татуіроўка — сімвал Міхала арханёла, а над ім крыж. Уцэлым манаграма ўтварала імя Міхал (MIXAHΛ). Аднак невядома, на якой мове было напісана імя — на грэчаскай ці копцкай, бо ў абедзвюх мовах ужываўся падобны алфавіт.

На істотнасць гэтага адкрыцця ўказвае той факт, што ў старажытным Егіпце і Нубіі (гістарычная краіна ў паўночна-усходняй Афрыцы) практыка нанясення татуіровак была вельмі рэдкай. Здзіўляе таксама сам працэс захавання татуіроўкі на целе, бо чалавечая скура распадаецца вельмі хутка.

Спецыялісты з Брытанскага музея сцвярджаюць, што татуіроўка ў тыя часы была спосабам дэманстрацыі веры. На іх думку, жанчына была хрысціянкай і даверыла сябе апецы арханёла Міхала, апекуна Нубіі.

Матыў, які захаваўся на целе жанчыны, часта сустракаўся на сценах нубійскіх святыняў або на керамічных вырабах. Звычай нанясення татуіровак больш датычыў жанчын, чым мужчын. Жанчыны наносілі на свае целы выявы апякунак танца і музыкі. У многіх выпадках татуіроўка несла з сабою розныя значэнні (лячэбныя мэты, абарона) ці таксама функцыі (азначала прыналежнасць да грамадскай групы).

Татуіраванне — вельмі папулярны звычай сярод коптаў. Многія з іх на ўнутраным боку запясцяў робяць татуіроўкі ў выглядзе маленькага крыжыка, што сімвалізуе хрысціянскую веру.

Абноўлена 04.08.2017 16:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа