Пошук

23.09.2026 09:45   Паводле: Ewtnnews / Пераклад і адаптацыя: catholic.by

Лічбавізацыя «Захаванне Асізі», якую праводзіць кампанія Haltadefinizione. Фота: Haltadefinizione

Праект «Захаванне Асізі» накіраваны на захаванне базылікі святога Францішка ў Асізі (Італія) з выкарыстаннем 27 000 фотаздымкаў, 3D-вымярэнняў і імерсіўных тураў.

З нагоды 800-годдзя з дня смерці святога Францішка Асізскага была запушчана новая лічбавая платформа, прысвечаная захаванню базылікі святога Францішка ў Асізі.

Праект «Захаванне Асізі» спалучае ў сабе фотаздымкі звышвысокага пашырэння, 3D-сканаванне, віртуальныя туры з эфектам поўнага пагружэння і лічбавы архіў, ствараючы тым самым беспрэцэдэнтны па сваёй паўнаце летапіс базылікі і яе гісторыі.

Праект прапаноўвае новы спосаб пазнання і асэнсавання гэтага славутага месца. Ён таксама мае на мэце стварэнне лічбавай версіі базылікі, каб падрабязныя звесткі пра яе архітэктуру і роспісы маглі выкарыстоўвацца для будучых даследаванняў, а таксама для падтрымкі дакументавання, маніторынгу і кансервацыі помніка.

Пашкоджанні ўнутры базылікі святога Францішка пасля землятрусу 1997 года. Фота: Гіга Ролі

Натхненнем для праекта паслужыла маштабная фотавыстава Mirabilia Italiae, якая была прысвечана выдатным помнікам Італіі. 26 верасня 1997 года ў італьянскіх рэгіёнах Умбрыя і Марке адбыўся землятрус, які прывёў да абвалу частак базылікі. Па шчаслівым супадзенні, усяго за некалькі гадзін да стыхійнага бедства, у межах праекта Mirabilia Italiae былі зробленыя здымкі менавіта тых частак будынка, якія пасля абрынуліся. Гэтыя фотаздымкі адыгралі важную ролю і сталі ключавымі арыенцірамі пры рэканструкцыі і рэстаўрацыі базылікі. Гэты вопыт і стаў адным з рухавікоў стварэння лічбавай платформы.

«За апошнія трыццаць гадоў тэхналогіі, якія мы выкарыстоўваем для дакументавання культурнай спадчыны, радыкальна змяніліся, аднак наша мэта засталася ранейшай: сістэматызаваць і захаваць веды, каб іх можна было вывучаць, дзяліцца і перадаваць наступным пакаленням»,

— адзначыла ў прэс-рэлізе Лючыя Паніні, сузаснавальніца кампаніі Gruppo Panini Cultura.

У межах праекта было зроблена больш за 27 000 фотаздымкаў, што дазволіла атрымаць 12 тэрабайтаў даных і 98 гатовых лічбавых аб'ектаў, у тым ліку гігапіксэльныя выявы і панарамы з ахопам 360 градусаў.

Адным з найбольш значных вынікаў праекта на сённяшні дзень з'яўляецца гігапіксэльная выява карціны П'етра Ларэнцэці «Укрыжаванне». Яна мае памеры 101 627 на 78 170 пікселяў і ўключае ў сябе амаль 8 мільярдаў пікселяў.

«Праект «Захаванне Асізі» — адзін з самых складаных, за якія мы браліся за 20 гадоў сваёй дзейнасці, — адзначыў Лука Панцыа, заснавальнік і генеральны дырэктар кампаніі Haltadefinizione. — Ён аб'ядноўвае ў адзіным лічбавым асяроддзі шэраг інструментаў і мультымедыйнага кантэнту, прызначаных для прэзентацыі і дакументавання базылікі святога Францішка, а таксама для падтрымкі яе даследавання».

Ён дадаў: «Гэта праект, які будзе развівацца з цягам часу дзякуючы новым матэрыялам, далейшым даследаванням і новым спосабам пазнання гэтага аб'екта».

Айцец Марка Мароні, кусташ кляштара святога Францішка ў Асізі, сказаў:

«Мы рэалізуем праект з вялікім энтузіязмам. Вопыт землятрусу прымусіў нас яшчэ больш усвядоміць важнасць стварэння фотафіксацыі максімальна высокай якасці, каб захаваць і папулярызаваць гэтую выключную мастацкую спадчыну, а таксама падкрэсліць яе глыбокае значэнне як выяўлення веры».Ён дадаў: «Гэтая дакументацыя дазволіць праводзіць будучыя рэстаўрацыйныя работы з выключна высокім узроўнем дакладнасці, а таксама адкрые гэтыя мастацкія і духоўныя скарбы для аўдыторыі ва ўсім свеце з найвышэйшай ступенню дэталізацыі».

Лічбавізацыя «Захаванне Асізі», якую праводзіць кампанія Haltadefinizione. Фота: Haltadefinizione

Абноўлена 23.09.2026 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа