Пошук

24.10.2024 09:03   Паводле: Catholicby.pl / Catholic.by
А. Гжэгаж Дабрачыньскі SI. Фота: Szymon Zdziebło/tarantoga.pl dla UMWKP

З кастрычніка беларусам каталіцкага веравызнання, якія жывуць у Познані (Польшча), служыць новы душпастыр — айцец Гжэгаж Дабрачыньскі, езуіт.

13 кастрычніка тут адбылася першая святая Імша на беларускай мове ў новым касцёле з новым душпастырам.

Ксёндз Валерый Даўгуль, які ў мінулым годзе быў прызначаны душпастырам беларусаў Познаньскай архідыяцэзіі, завяршыў сваё служэнне ў гэтай якасці. У сувязі з гэтым улетку супольнасць звярнулася да касцёльнай улады з просьбай аб прызначэнні новага душпастыра для іх супольнасці.

Адказваючы на просьбу познаньскіх біскупаў і душпастырскія патрэбы Познаньскай архідыяцэзіі, а таксама клапоцячыся аб сакрамэнтальным жыцці беларускай дыяспары, супольнасць езуітаў прызначыла айца Гжэгажа Дабрачыньскага SІ душпастырам беларусаў.

Першая святая Імша, якую на беларускай мове цэлебраваў новы душпастыр, адбылася ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Маці Божай Суцяшэння.

Фота: Catholicby.pl

У Эўхарыстыі бралі ўдзел каля 20 чалавек. Усе вельмі хваляваліся, бо для ксяндза Гжэгажа гэта была першая ў жыцці цэлебрацыя на беларускай мове. Але, як гаворыць Алена, удзельніца той Імшы: «Мы стараліся ва ўсім дапамагаць, і таму атрымалася ўсё з Божай дапамогай добра! А пасля Імшы мы традыцыйна сабраліся на гарбату, каб пазнаёміцца і пагутарыць».

Айцец Гжэгаж — доктар тэалогіі, у мінулым — супрацоўнік каталіцкіх СМІ, публіцыст. Раней быў на місіі ў Замбіі. Дзеля служэння беларусам пачаў вывучаць беларускую мову.

Святыя Імшы на беларускай мове ў Познані адбываюцца кожную нядзелю ў 12.30 у касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і Маці Божай Суцяшальніцы (Szewska 18; уваход у капліцу злева каля цэнтральнага алтара). Пасля Літургіі ўсіх запрашаюць на гарбату ў памяшканні ў вежы святога Готарда (першыя дзверы направа пры выхадзе з касцёла).

Больш падрабязна пра супольнасць беларусаў-католікаў у Познані можна даведацца ТУТ>>>

Абноўлена 24.10.2024 10:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця