Пошук

27.08.2024 17:39   Паводле: Vatican News BY / Catholic.by
Фота: PAP/Darek Delmanowicz

24 жніўня ў бэрнардынскім касцёле ў польскім горадзе Лежайск у Пшэмысльскай архідыяцэзіі адбылося біскупскае пасвячэнне новапрызначанага Апостальскага нунцыя ў Анголе і Сан-Тамэ і Прынсіпі ксяндза прэлата Крыспіна Дубеля, які раней пэўны час працаваў у Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, галоўным пасвячаючым біскупам быў кардынал П’етро Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы Францішка.

Ва ўрачыстай літургіі біскупскага пасвячэння, што адбывалася ў свята святога Барталамея, апостала, бралі ўдзел біскупы з Польшчы і з-за мяжы, у тым ліку Апостальскі нунцый у Польшчы арцыбіскуп Антоніё Філіпацы, старшыня Папскай касцёльнай акадэміі арцыбіскуп Сальваторэ Пенак’ё, а таксама Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Кардынал Паралін пажадаў новаму папскаму дыпламату рупліва захоўваць скарб веры і шчодра дзяліцца яго багаццямі, каб, як добрае зерне, яно прыносіла плён у Касцёле і ў грамадзянскай супольнасці.

«Людзям нашага часу, вельмі заблытанага, неабходна абвяшчаць, што Бог прыняў чалавечую прыроду і канчаткова адкупіў яе, назаўсёды ўзяўшы нашу рэчаіснасць пад сваю ўладу. Таму бескарысныя нашыя намаганні па будаўніцтве зямнога горада, калі мы выключаем з яго прысутнасць Бога», — адзначыў кардынал Дзяржсакратар.

Высокі ватыканскі іерарх асаблівым чынам падкрэсліў важнасць глыбокага духоўнага жыцця для выканання задання нунцыя.

«Гэта служэнне, якое здзяйсняецца для дабра Касцёла і міру ў свеце. Яно будзе настолькі плённым, наколькі моцна будзе падтрымана малітвай і разважаннем над Божым словам», — дадаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.

Раней арцыбіскуп Станеўскі ад імя ККББ скіраваў віншаванне Крыспіну Дубелю ў сувязі з яго прызначэннем Апостальскім нунцыем, у якім, між іншым, напісаў: «З вялікай радасцю мы ўспрынялі інфармацыю аб вашым прызначэнні Апостальскім Нунцыем у Анголе <…>.

Ад імя вернікаў і пастыраў Касцёла на Беларусі сардэчна віншую Вашу Эксцэленцыю з новым, высокім прызначэннем і нададзенай вам Святым Айцом Францішкам годнасцю арцыбіскупа.

Я ўпэўнены, што багаты дыпламатычным вопыт Вашай Эксцэленцыі, набыты да сённяшняга дня ў Руандзе, Калумбіі, на Філіпінах, у Польшчы, Славеніі, Арабскіх Эміратах, а перадусім у Беларусі ў 2007–2012 гадах у якасці сакратара Апостальскай Нунцыятуры, дапамогуць вам у добрым выкананні новай місіі ў Анголе, якую даручыў вам Пантыфік.

Давяраю жыццё і служэнне Вашай Эксцэленцыі Маці нашага Пана і Збаўцы Марыі ў Яе Будслаўскай святыні, дзе вы часта маліліся з вернікамі нашай Бацькаўшчыны. Святы Юда Тадэвуш няхай дапаможа вам у складаных сітуацыях, як гэта рабіў тады, калі вы былі выкладчыкам кананічнага права ў нашай Міждыяцэзіяльнай семінарыі ў Гродне, апекуном якой з’яўляецца гэты святы апостал».

Абноўлена 27.08.2024 21:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа