Пошук

20.08.2024 11:11   Тэкст і фота: Аляксей Бука / Catholic.by

У нядзелю 18 жніўня беларусы католікі Масквы і сталічнага рэгіёна суседняй дзяржавы сабраліся ў капліцы кляштара айцоў францішканаў на святую Імшу. Акурат у гэты час чатыры гады таму ў Маскве аднавіліся набажэнствы для беларусаў каталіцкага веравызнання на роднай мове.

Эўхарыстыю ў ХХ звычайную нядзелю цэлебраваў айцец Пётр Карнелюк OFMConv, душпастыр мясцовых беларусаў-католікаў.

«Што абяцае нам сёння Пан? — прапанаваў паразважаць у гаміліі святар. — Жыццё вечнае. Не дні і гады жыцця, як мы яго сабе ўяўляем, са штодзённымі клопатамі, грахамі, спакусамі і рознымі праблемамі ў сям’і ці на працы. Але жыццё будучага веку, дотыку да вечнасці Стварыцеля, у адзінстве з Найсвяцейшай Тройцай, адзінстве з Багародзіцай. Але адначасова гэта і прапанова цяпер, у гэтую хвіліну быць з Хрыстом і ў Хрысце. Жыццё ў Богу магчымае толькі тады, калі мы дазваляем Яму быць у нас. Гэта магчыма не толькі праз удзел у Эўхарыстыі, выкананне запаведзяў, але калі мы ўсёй сваёй верай прымаем Божае і чалавечае аблічча Таго, хто аддае за нас сябе ў ахвяру на алтары», — падкрэсліў айцец Пётр.

Пасля набажэнства адбылася душпастырская сустрэча вернікаў у францішканскім цэнтры. Пры кубку гарбаты ўдзельнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі і цікавымі момантамі, якія перажылі падчас летніх пілігрымак і рэкалекцый у розных святынях Беларусі.

Айцец Пётр перадаў самыя сардэчныя прывітанні ад арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча беларусам-католікам у Маскве.

Арцыбіскуп з цеплынёю ўзгадвае сваё служэнне ў Маскве і заўсёды памятае пра землякоў, якія воляю лёсу апынуліся далёка ад Радзімы. Гэта менавіта пры «нашым арцыбіскупе», як яго дагэтуль называюць вернікі-беларусы ў Расіі, загучала Божае слова па-беларуску ў касцёлах Масквы. Дзякуючы айцу Пятру Карнелюку і айцам францішканам вернікі маюць магчымасць удзельнічаць у Імшы на роднай мове і спадзяюцца, што з Божай дапамогай гэта будзе працягвацца і далей.

Абноўлена 20.08.2024 11:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа