Пошук

13.05.2024 11:20   Тэкст і фота: Аляксей Бука / Catholic.by

12 мая, у Сёмую Велікодную нядзелю, беларусы Масквы і Маскоўскай вобласці Расіі сустрэліся ў капліцы кляштара айцоў францішканаў на супольнай малітве і святой Імшы, якую цэлебраваў айцец Пётр Карнелюк OFMConv.

Перад набажэнствам адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і Ларэтанская літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі.

«Езус выбраў нас з гэтага свету. Мы належым Богу, Ён любіць нас, даруе нам грахі і працягвае сваю руку. Робіць нас часткай сябе, свайго Боскага жыцця. Менавіта Езус сабраў народ Божы, стаў ахвярай на Крыжы праз балючую ганебную смерць, каб кожны вернік меў жыццё вечнае», — адзначыў у прамоўленай гаміліі душпастыр беларусаў каталіцкага веравызнання сталічнага рэгіёну суседняй краіны.

Францішканін дадаў, што Бог жадае для ўсіх вернікаў паўнаты радасці, якую можа даць толькі Ён: радасці і любові да Яго і да бліжняга.

«Не толькі да нашых блізкіх, але і да выпадковых мінакоў на вуліцы, якія ідуць насустрач; да таго небаракі з суседняга пад’езда, які ўвесь час наракае і скардзіцца на жыццё кожны раз, калі кагосьці сустракае», — заўважыў святар.

Ён патлумачыў сабраным у капліцы суайчыннікам, што Езус пакідае нас у гэтым свеце таксама, як некалі пакінуў сваіх Апосталаў. «Ён не абяцаў ім ніякіх прывілеяў ці выгодаў: наадварот, папярэджваў пра нянавісць і пераслед у гэтым свеце. Так і нас Ён пакідае ў цяжкасцях і турботах гэтага свету з надзеяй на жыццё вечнае і радасць сусрэчы з Богам пасля заканчэння нашага зямнога шляху.

Падобна да Марыі і апосталаў, мы рыхтуемся прыняць дар Духа Святога з той любоўю, якая адкрывае нашыя сэрцы для Бога, адзінага ў Тройцы, робіць нас удзельнікамі гэтата цуду і сведкамі Ягонай Праўды», — сказаў на заканчэнне сваёй палымянай гаміліі айцец Пётр.

Пасля малітвы ўдзельнікі набажэнства абмеркавалі ў культурным цэнтры францішканскага кляштару ўдзел у пілігрымках, якія будуць ладзіцца да святыняў Беларусі ў летні час.

Гэта стане добрай нагодай для таго, каб паглыбіць сваю веру і ўмацавацца на шляху хрысціянскага жыцця.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа