Пошук

01.05.2024 11:44   Паводле: КАІ / Catholic.by
Арцыбіскуп Эрык дэ Мулен-Бафор. Архіўнае фота: Jacques Demarthon / AFP

29 красавіка біскупы сямі французскіх дыяцэзій, якія ўваходзяць у Рэймскую Мітраполію, распачалі пяцідзённую пешую пілігрымку ў інтэнцыі пакліканняў.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, кожны з іх ідзе па тэрыторыі сваёй дыяцэзіі. У суботу іерархі сустрэнуцца ў Рэймсе на мітрапалітальным Дні пакліканняў.

Біскупы выйшлі з розных мясцін. Арцыбіскуп Эрык дэ Мулен-Бафор, які з’яўляецца Мітрапалітам Рэймскім і Старшынёй французскага епіскапату, распачаў сваю пілігрымку на мяжы з Бельгіяй. Па дарозе ён спыніцца ў кларысак і кармэлітаў, а таксама ў Марыйным санктуарыі ў Нёвізі. Ён спадзяецца, што на шляху пілігрымкі да яго далучацца вернікі з паасобных парафій. Такім чынам, пілігрымка будзе таксама магчымасцю для біскупаў сустрэцца з жыхарамі сваёй дыяцэзіі, — тлумачыць Бэнэдыкт Кузэн, прэс-сакратар архідыяцэзіі Рэймса.

Аднак галоўная мэта гэтай беспрэцэдэнтнай ініцыятывы — заахвоціць усіх вернікаў да малітвы за новых святароў.

Гэта таксама стане мэтай мітрапалітальнага дня пакліканняў, які пройдзе ў Рэймсе 4 мая. Запланаваныя адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, набажэнствы і серыя сустрэч па распазнанні ўласнага паклікання, каштоўнасці цэлібату для Божага Валадарства, а таксама чалавечай працы, якая разумеецца як пакліканне. Акрамя таго, падрыхтаваныя спецыяльныя мерапрыемствы для дзяцей і падлеткаў. Мерапрыемства завершыцца святой Імшой у катэдры Сэн-Рэмі, якую будуць канцэлебраваць сем біскупаў-пілігрымаў.

Абноўлена 01.05.2024 11:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця