На другі дзень Вялікадня, які сёлета прыпадае на 1 красавіка, у Польшчы існуе даўняя традыцыя аблівацца вадою, таму сённяшні дзень там таксама называюць Мокрым, або Палівальным панядзелкам.
Паводле старадаўняй традыцыі, сёння ў Польшчы — Смігус-дынгус, або інакш Мокры, ці Палівальны панядзелак. Здаўна існуе звычай менавіта ў велікодны панядзелак аблівацца вадою. Лічыцца, што чалавеку, якога аблілі вадою, будзе спрыяць поспех і багацце.
Вадою абліваюцца перш за ўсё дзеці і моладзь, але пад струмень могуць трапіць і выпадковыя мінакі. У гэтым выпадку польская паліцыя папярэджвае, што расцэньвае абліванне людзей як дробнае хуліганства, за што пагражае штраф.
Гэты звычай апошнім часам набыў распаўсюджанасць таксама і ў Беларусі.
Яго з асаблівым энтузіязмам падтрымала моладзь у многіх нашых парафіях. Сёлета надвор’е, а таксама той факт, што Мокры панядзелак супадае з традыцыйным днём першакрасавіцкіх жартаў, спрыяюць гэтай вясёлай забаве.