Пошук

05.03.2024 09:36   Паводле: КАІ / Catholic.by
Дэманстранты ў абарону жыцця побач з Вэрсальскім палацам 4 сакавіка 2024 г. Фота: AP Photo/Michel Euler

4 сакавіка на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат французскага парламента ў Вэрсалі было прынята рашэнне аб унясенні «свабоды на аборт» у Канстытуцыю Рэспублікі.

Такім чынам Францыя стала першай (пасля былой Югаславіі) і адзінай у свеце дзяржавай, у асноўным законе якой было замацавана права на забойства ненароджаных.

За ўнясенне гэтай папраўкі ў Канстытуцыю выказаліся 780 дэпутатаў, супраць — 72, яшчэ 50 устрымаліся.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, перад палацам у Вэрсалі падчас парламенцкіх дэбатаў, якія працягваліся дзве гадзіны, праходзіла дэманстрацыя ў абарону жыцця. Яе ўдзельнікі прынеслі, між іншым, транспарант з надпісам: «Я таксама быў эмбрыёнам».

Канферэнцыя біскупаў Францыі ў апублікаванай некалькі дзён таму ноце падкрэсліла, што аборт — гэта замах на чалавечае жыццё, і яго нельга разглядаць выключна з пункту гледжання правоў жанчыны. У панядзелак прэзідыюм французскага епіскапату падтрымаў зварот каталіцкіх таварыстваў, якія заклікалі вернікаў да посту і малітвы ў дзень, калі Нацыянальная Асамблея і Сенат на сумесным пасяджэнні павінны былі прыняць рашэнне аб унясенні «свабоды на аборт» у Канстытуцыю.

Старшыня Канферэнцыі біскупаў Францыі арцыбіскуп Эрык дэ Мулен-Бафор і два яго намеснікі, арцыбіскуп Вэнсан Жардзі і біскуп Дамінік Бляншэ, заўважылі, што Францыя — адзіная краіна ў Еўропе, дзе расце колькасць абортаў.

«Мы як католікі заўсёды будзем слугамі жыцця ўсіх, ад зачацця да натуральнай смерці, будаўнікамі павагі да кожнай чалавечай істоты, якая заўсёды з’яўляецца дарам для ўсіх іншых; будзем падтрымліваць тых, хто прымае рашэнне захаваць сваё дзіця нават у складаных сітуацыях, і будзем шукаць новыя спосабы, каб гэта рабіць, праяўляючы павагу і спачуванне да тых, хто вырашыў зрабіць аборт. Мы пакорна і горача просім ласкі, каб мы маглі гэта рабіць. Перадусім молімся аб тым, каб нашыя суграмадзяне нанава адкрылі смак жыцця, яго перадачы, прыняцця, суправаджэння, а таксама нараджэння і выхавання дзяцей», — напісала кіраўніцтва Канферэнцыі біскупаў Францыі.

Такую пазіцыю французскага епіскапату падтрымала Папская акадэмія Жыцця. У абвешчаным учора паведамленні яна нагадала, што «у час усеагульных правоў чалавека не можа быць „права“ забіраць у чалавека жыццё».

Акадэмія звярнулася з заклікам да «ўсіх урадаў і ўсіх рэлігійных традыцый прыкласці ўсе намаганні для таго, каб на гэтым этапе гісторыі абарона жыцця стала абсалютным прыярытэтам».

Было адзначана, што «абарона чалавечага жыцця — першая мэта чалавецтва», якую можна дасягнуць толькі тады, калі «навука, тэхналогія і прамысловасць служаць чалавечай асобе і братэрству».

Абноўлена 05.03.2024 10:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця