Пошук

29.02.2024 10:57   Паводле: КАІ / Catholic.by
Пілігрымы ў Апарэсідзе. Фота: a12.com

У нядзелю 25 лютага больш за 80 тыс. мужчын прыйшлі ў бразільскі Марыйны санктуарый у Апарэсідзе ў межах 16-й пілігрымкі мужчын, якія штодзённа моляцца Ружанец.

Як адзначае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, гэта найбольшая група пілігрымаў, якая штогод праходзіць у Апарэсіду.

Ініцыятыва супольнай малітвы мужчын на ружанцы з’явілася ў 1936 годзе ў горадзе Ітабі ў штаце Сэржыпі, які знаходзіцца ў паўночна-усходнім рэгіёне Бразіліі. Гэта адбылося тады, калі на заканчэнне народных місій капуцынаў айцец Пэрэгрыно заахвоціў мужчын супольна маліцца Ружанец.

З цягам часу ружанцовая пабожнасць распаўсюдзілася па ўсёй Бразіліі. У цяперашні час «Ружанец мужчын» (Terço dos Homens) стаў нацыянальным рухам, якім па даручэнні епіскапату апякуецца біскуп Жыл Антонію Марэйра, ардынарый дыяцэзіі Жуіс-дзі-Фора ў штаце Мінас-Жэрайс.

Паводле Глэйсана Лозэра, генеральнага сакратара руху «Ружанец Мужчын» у Бразіліі, колькасць удзельнікаў гэтай вялікай Марыйнай сям’і складае больш за мільён чалавек.

Сёлетняя пілігрымка ў Апарэсіду праходзіла пад дэвізам «Ружанец мужчын: цэлебраваць Божае слова ў Доме Маці», а натхненнем для пілігрымаў сталі словы Псальміста: «Тваё слова — святло на маёй сцежцы» (пар. Пс 119). У гэтай пілігрымцы ўзялі ўдзел больш за 80 тыс. мужчын, якія прыбылі з розных рэгіёнаў найбольшай у свеце каталіцкай краіны, тэрыторыя якой больш як у 40 разоў пераўзыходзіць тэрыторыю Беларусі.

Фота: a12.com

Падчас знаходжання ў Апарэсідзе мужчыны перажылі шмат момантаў супольнай малітвы: начную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, цэлебрацыі святых Імшаў, аскетычныя канферэнцыі, працэсіі, а таксама маглі прыступіць да споведзі. З-за такой вялікай колькасці пілігрымаў большасць з іх маліліся па-за базылікай, паколькі святыня можа змясціць адначасова толькі 30 тыс. чалавек.

Як падкрэслівае КАІ, у красавіку мінулага года бразільскі парламент прыняў закон, якім у краіне быў устаноўлены Нацыянальны дзень Ружанца мужчын, што адзначаецца 8 верасня, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.

Менавіта ў гэты дзень мужчыны горада Ітабі ў 1936 годзе распачалі супольную ружанцовую малітву.

У наступным месяцы адбудзецца 11-я нацыянальная пілігрымка жанчын, якія супольна моляцца Ружанец.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.