Пошук

21.02.2024 16:49   Паводле: Niedziela.pl / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Fb/EDK - Ekstremalna Droga Krzyżowa

У перыяд Вялікага посту ў Польшчы арганізуецца экстрэмальны Крыжовы шлях, удзельнікі якога далучаюцца да традыцыйнага набажэнства ў незвычайным фармаце.

Як паведамляецца на каталіцкім партале niedziela.pl, сёлета натхненнем для ўдзельнікаў стане асоба Караля Вайтылы.

«Гэта чатырнаццаць стацый і чатырнаццаць гісторый пра тое, як маленькі Караль стаў Вялікім Папам», — сказаў ксёндз Яцэк «Вясна» Стрычак, аўтар разважанняў.

«Экстрэмальны крыжовы шлях — гэта справа не для кожнага. Гэта выклік для людзей, якія жадаюць змяніць сваё жыццё, шукаюць натхнення, імкнуцца да лепшага жыцця. Нам цікава, хто ідзе. Для гэтых людзей мы стараемся. Але незалежна ад таго, ці яны пабожныя, ці вядуць упарадкаванае жыццё ці не, яны могуць прыняць выклік, дзякуючы якому іх жыццё можа перамяніцца. Менавіта для гэтых людзей штогод арганізуецца экстрэмальны Крыжовы шлях», — зазначыў святар.

«Натхненнем сёлетніх разаважанняў стаў Караль Вайтыла, які быў патрабавальным не толькі да іншых, але перадусім да сябе.

У разважанні ўвайшлі розныя гісторыі з жыцця малога Караля: дзіцяці, якое мусіла перажыць смерць маці і брата; юнака, які працаваў у каменаломнях; студэнта, які трымае дысцыпліну. Усе гэтыя гісторыі разам павінны паказаць, які гэта мела ўплыў на яго пакліканне», — падкрэсліў аўтар разаважанняў.

У іх можна таксама знайсці гісторыю пра тое, як Юзэфа Флёрэк уратавала маладога Караля, а ён, калі выйшаў са шпіталя, пісаў да яе лісты, дзякуючы за ўратаванне жыцця. І думка: «У бядзе можна пазнаёміцца з людзьмі, якія стануць тваімі сябрамі. Не штука дапамагаць тым, хто і сам спраўляецца».

Разважанні вучаць таму, як быць патрабавальеым да сябе, каб не змарнаваць свайго жыцця. Ідучы экстрэмальным Крыжовым шляхам і ўдумваючыся ў разважанні, можна адкрыць духоўнасць святога Яна Паўла ІІ.

«Гэта шлях аскезы, працы над сабой, глыбіні. Маленькі Караль так працаваў над сабой, што аднойчы аказалася, што ён можа стаць Папам, можа стаць на чале Касцёла, быць прарокам свайго часу. Ён не заняў пасады, якая называецца „папствам“ — ён яе стварыў. Ён быў творцам, а не пераймальнікам. Захоўваючы традыцыю, ён надаў папству новае вымярэнне», — такімі словамі завяршаецца разважанне над 14-й стацыяй.

Удзельнікі экстрэмальнага Крыжовага шляху могуць карыстацца традыцыйнымі разважаннямі, падрыхтаванымі ў друкаваным выглядзе, якія можна замовіць праз інтэрнэт. Даступныя таксама дадаткі для мабільных прылад. Дадатак паказвае на карце з пазначанай трасай, дзе знаходзіцца карыстальнік. У ім таксама можна знайсці разважанні як у тэкставым фармаце, так і аўдыё.

Пра тое, наколькі вялікую ролю адыгрываюць разважанні, кажуць сведчанні людзей, якія пасля пераадолення больш як 40-а кіламетраў з роздумам над імі, сталі іншымі людзьмі. Так, Рэнаце экстрэмальны Крыжовы шлях даў больш веры ў сябе і дазволіў па-новаму паглядзець на цяжкасці, з якімі даводзіцца сутыкацца ў жыцці. Для Ёлі ён стаў часам перамены жыцця, новага погляду на сябе, на праблемы, на іншых людзей. Для Эдыты ён стаў часам адкрыцця таго, што яна баялася розных рэчаў, і гэты страх быў беспадстаўным. Цяпер яна можа выйсці насустрач сваім страхам і яны знікаюць: «Я зразумела, што здольная зрабіць значна больш, чым магла б спадзявацца ці чакаць ад сябе» — падзялілася дзяўчына.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця