Пошук

12.02.2024 10:15   Аляксей Бука / Catholic.by

У нядзелю 11 лютага католікі беларускага паходжання Масквы і Маскоўскай вобласці сабраліся на святую Імшу ў капліцы кляштара айцоў францішканаў у Маскве.

Эўхарыстыю цэлебраваў душпастыр беларусаў-католікаў сталічнага рэгіёна суседняй краіны айцец Пётр Карнелюк OFMConv.

У прамоўленай гаміліі святар засяродзіўся на Евангеллі шостай звычайнай нядзелі і заклікаў суайчыннікаў падысці да Вялікага посту, памятаючы пра духоўнае ачышчэнне.

«Падобна таму, як быў ачышчаны хворы на праказу, таксама і нам належыць ачысціцца духоўна ад каросты граху», — падкрэсліў айцец Пётр.

Чалавек прыходзіць да Хрыста, падае перад Ім ніцма і просіць: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць». Нягледзячы на тое, што па законах таго часу было забаронена рабіць такое пракажоным, у ім нарадзілася вера ў Езуса.

«Для Хрыста кожны з нас годны. Езус не адварочваецца ад пракажонага, а наадварот, працягвае яму руку, ачышчае і вяртае чалавека ў грамадства. Датыкаецца, аздараўляе, паказваючы моц збаўлення, моц самога Бога. Для Яго кожны годны быць разам з Богам, разам з Касцёлам. Кожны з нас аднолькава каштоўны для Хрыста, незалежна ад таго, да якога кола людзей мы належым, якога паходжання ці статусу ў грамадстве. Менавіта таму Хрыстус вяртае здароўе хвораму на праказу. Таксама і да кожнага з нас Ён ставіцца з павагай і жадае, каб мы прынялі Ягоную праўду, каб данеслі святло духоўнага ачышчэння іншым, як аздароўлены ў Галілеі расказваў мясцовым жыхарам пра цуд ачышчэння ад праказы», — адзначыў святар.

Пасля заканчэння святой Імшы адбылася сустрэча ўдзельнікаў набажэнства з айцом Пятром у францішканскім цэнтры пры кляштары.

Вернікі-беларусы шчыра павіншавалі свайго душпастыра з днём нараджэння, сказалі шмат цёплых словаў і праспявалі прыгожыя песні.

Айцец-музыка не разгубіўся і падтрымаў імправізаваны хор на сваім альце.

 

Абноўлена 12.02.2024 10:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.