У 1896 годдзе была заснавана Кангрэгацыя Сясцёр Служак Духа Святога ад Няспыннай Адарацыі (SSpSAP), якая вядзе кантэмпляцыйнае жыццё і здзіўляе вернікаў колерам свайго манаскага адзення.
Пра жыццё сваей супольнасці парталу Misyjne.pl распавяла сястра Марыя ад Уваскрослага SSPSAP.
Хтосьці можа падумаць, што сёстры ў кляштарных сценах закрытыя ад людзей і свету. У гэтай закрытасці заключаецца наша адкрытасць.
Мы маем 22 супольнасці па ўсім свеце, у тым ліку ў Аргентыне, Бразіліі, Германіі, ЗША, Індыі, Інданезіі, Нідэрландах, Польшчы, Славакіі, Тога, на Філіпінах і ў Чылі.
Можна задацца пытаннем, як кантэмпляцыйная законніца можа адначасова быць і місіянеркай. На першы погляд здаецца, што кантэмпляцыя і місіянерства — гэта два розныя заданні, якія Касцёл давярае сваім слугам, але гэта не зусім так. Усё ўзаемазвязана. Нават самыя вялікія намаганні місіянераў былі б бессэнсоўнымі, калі б не малітоўная падтрымка. Такую базу даюць кантэмляцыйныя ордэны.
Духоўная сувязь
Мы ўдзельнічаем у евангелізацыі, але зусім па-іншаму. Найважнейшымі нашымі задачамі з’яўляюцца кантэмпляцыйная малітва і прысвячэнне сябе. Мы разважаем над мукай укрыжаванага Хрыста, які пакорна выконвае волю Айца. Верагодна, большасць людзей натуральным чынам абараняецца ад пакут, але мы стараемся прыняць іх і прынесці Богу ў ахвяру.
Гэта наша місія. Гэта наш дадатковы ўдзел у пакутах нашых братоў і сясцёр у свеце. Мы адчуваем іх цяжкасці і няўпэўненасць, але таксама падзяляем іх радасці. Мы пакутуем разам з усімі, хто пакутуе, і радуемся разам з тымі, хто радуецца. Усё гэта ахвяруем Пану ў ціхай малітве. Гэтая сувязь з людзьмі і светам з’яўляецца для нас саміх таямніцай.
Мы жывем у строгай кляўзуры, гэта значыць у закрытай адасобленасці, і манаская крата з’яўляецца знакам гэтага абмежавання. Аднак гэта не аддзяляе нас ад свету. Хутчэй, гэта напамін пра тое, што мы пакліканы выконваць гэтую асаблівую паслугу ў Касцёле.
Прастора нашага жыцця ў свеце малая і абмежаваная. Аднак мы ведаем, што дзякуючы гэтаму мы можам прыняць у нашых сэрцах усе намеры і клопаты свету. Мы прадстаўляем іх Богу ад імя ўсіх людзей. Нягледзячы на тое, што прастора нашага функцыянавання такая вузкая, мы пакліканы дапамагаць у пашырэнні веры, але справа не ў тым, што справа евангелізацыі нас не датычыцца. Зусім наадварот.
Наша місія
Як мы можам выконваць місію евангелізацыі, калі не выходзім да людзей?
«Паколькі любоў дасягае ўсяго, знішчае ўсё цяжкае і аблягчае праблемы, мы павінны імкнуцца да таго, каб усё вынікала з любові»,
— аднойчы сказаў айцец заснавальнік, святы Арнольд Янсэн у сваім закліку да сясцёр.
Магчыма, гэтыя словы выразна тлумачаць нашу місійную ролю ў Касцёле і ў свеце. Наша галоўнае апостальства — гэта малітва і прысвячэнне сябе.
Ад нас не чакаецца, што мы будзем рабіць якія-небудзь асаблівыя дзеянні або нейкія эфектныя намаганні. Наадварот, наша жыццё вельмі простае. Мы выконваем звычайную працу, напрыклад, прыбіраем дома, гатуем ежу, мыем посуд, займаемся праннем бялізны, садоўніцтвам і іншымі хатнімі справамі. Аднак рэч не ў выкананні ўсіх гэтых справаў, а ў тым, як мы бярэмся за сваю працу: у чысціні нашых намераў і ступені любові, якую мы ўкладаем у яе.
Сіла малітвы
Так, мы пакліканыя жыць у цішыні і ізаляцыі — гэта наша прылада для паяднання і атрымання ласкаў для ўсіх людзей з усяго свету. Я на ўласным вопыце адчула сілу малітвы і навучылася цаніць каштоўнасць маўчання перад Панам. Я пераканана, што гэта самая моцная зброя, каб абараніць сябе ад ворагаў.
У лютым 1986 года, адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў, на Філіпінах панаваў вялікі хаос. Небяспека рэвалюцыі была відавочнай. Кардынал Хаймэ Сін заклікаў усіх святароў, законнікаў і місіянераў весці вернікаў у мірнай контратацы. Гэта была наша ідэя. Неўзабаве вуліцы Манілы напоўніліся людзьмі, «узброенымі» ружанцамі і з выявамі святых. Ружанец і праспяваныя гімны ўзняліся да Неба. Гэта аб’яднала ўсіх — і малых, і старых.
Малітва была супрацьдзеяннем узброеным вайскоўам.
Прайшло некалькі дзён. Паціху аднаўляўся мір. Святары і браты вербісты, а таксама сёстры місіянеркі і прадстаўнікі іншых кангрэгацый заставаліся з людзьмі на вуліцы дзень і ноч, пакуль сітуацыя не была ўзята пад кантроль і не аднавіўся мір. Дзякуючы Божаму ўмяшанню ў краіну вярнуўся мір. Ні ў каго не было сумнення, што наша малітоўная акцыя паспрыяла таму, каб усё прайшло добра.
Стоячы на каленях
Які быў наш унёсак? Мы не сыходзілі з месца. Мы былі з людзьмі, хоць і не наўпрост — заставаліся на каленях перад Святым Сакрамэнтам. Мы ўзнялі свае сэрцы да Яго і хоць адчувалі сябе бездапаможнымі, але ведалі, што толькі давер можа быць добрым рашэннем. Мы адкрылі нашыя сэрцы, каб аказаць міласэрнасць кожнаму, і духам абняць нашых праціўнікаў, каб яны адчулі цеплыню Божай любові.
Гэта можа здацца спрэчным для многіх людзей, але мы таксама павінны маліцца за нашых ворагаў. Гэта непасрэдна вынікае са Святога Пісання.
Мы хочам рэалізаваць гэтую патрабавальную любоў на практыцы сваім стаўленнем. Гэта наша місіянерская роля — адчуваць і дзяліцца тым, што адбываецца ў свеце вакол нас. Іх пакуты — гэта і нашы пакуты. Кожны дзень мы разумеем, што Бог чакае ад нас вернасці нашаму ладу жыцця. Мы залежныя ад Бога, але адважваемся прасіць у Яго тое, што патрэбна нам, нашым суайчыннікам, Касцёлу і ўсім людзям.
Майсей у Старым Запавеце ўзышоў на гару з двума спадарожнікамі, каб быць бліжэй да Бога, пакуль яго народ змагаецца. Нічога канкрэтнага ён тады не зрабіў. Ён проста ўзняў рукі ў малітве. Гэты жэст быў прыемны Богу, але ў рэшце рэшт Майсей пачаў губляць сілу. Таму Аарон і Ор прыклалі ўсе намаганні, каб дапамагчы яму трымаць рукі і такім чынам падтрымліваць малітву, якая падабалася Богу. Пакуль Майсей узымаў рукі ў ціхай малітве, ізраільцяне мелі перавагу. Але Майсей не мог выканаць сваю місію ў адзіночку — яму патрэбна была дапамога.
Мы крыху падобныя на Майсея з гэтага ўрыўку Святога Пісання.
Нічога надзвычайнага ў кляштары мы не робім: выконваем штодзённыя абавязкі. І як Майсею, нам патрэбна падтрымка іншых, каб працягваць апостальства малітвы і прысутнасці.
Шмат для нас робяць нашыя сябры і дабрадзеі. Мы ім вельмі ўдзячныя і выказваем удзячнасць перш за ўсё праз памяць у малітве. Такім чынам мы ўдзельнічаем у місіі Касцёла. Мы молімся ў многіх кутках свету. Дзіўна, што дзякуючы гэтай духоўнай сіле мы можам удзельнічаць у намаганнях тысяч місіянераў на ўсіх кантынентах. Няхай яны заўсёды адчуваюць нашу падтрымку.
Пра кангрэгацыю
Сёстры Служкі Духа Святога ад Няспыннай Адарацыі — трэцяя кангрэгацыя, заснаваная святым Арнольдам Янсэнам у Галандыі. Датай узнікнення кантэмпляцыйнай супольнасці лічыцца 8 снежня 1896 года, калі шэсць сясцёр атрымалі манаскае адзенне і распачалі навіцыят.
Незвычайны ружовы габіт законніц з’яўляецца сімвалам агню і радасці Духа Святога, а белы колер шкаплера і вэлюма сімвалізуе чысціню і адданасць Найсвяцейшай Панне Марыі, Беззаганнай Абранніцы Духа Святога. Таксама сёстры носяць крыж і заручальны пярсцёнак з сімвалам трэцяй Божай Асобы.