3 лютага ў парафіі ў Нувале, на мяжы італьянскіх рэгіёнаў Умбрыя і Таскана, адбылася цырымонія благаслаўлення мабільных тэлефонаў, а таксама планшэтаў і ноўтбукаў.
Як са спасылкай на італьянскія СМІ паведамляе Misyjne.pl, звычай асвячэння тэлефонаў і іншых прылад быў уведзены ў невялікім касцёле Сан-Б’яджо (святога Блажэя) у 2015 годзе. Гэты рытуал суправаджае ўрачыстасць апекуна касцёла, святога Блажэя, які з сярэднявечча з’яўляецца таксама апекуном тых, хто церпіць ад хваробаў горла.
Паводле традыцыі, пробашч парафіі ксёндз Джорджо Марыёцці спачатку благаславіў вернікаў, падносячы кожнаму да горла скрыжаваныя свечы. Потым ён нагадаў, што святы Блажэй з’яўляецца таксама апекуном тых, хто карыстаецца мабільнымі тэлефонамі. Ён благаславіў гэтыя сродкі сувязі, а таксама планшэты і ноўтбукі, якія прынеслі вернікі, і раздаў налепкі з выявай святога Блажэя і малітвай праз яго заступніцтва.
Напрыканцы цырымоніі святар звярнуўся да вернікаў з заклікам «правільна і свядома» карыстацца сацыяльнымі сеткамі, інтэрнэтам і новымі тэхналогіямі.
«Гэтыя інструменты сёння, разам з новымі навуковымі дасягненнямі ў галіне штучнага інтэлекту, якімі яны забяспечаны, могуць быць благаслаўленнем; сродкам, які вядзе да дабра, міру, гасціннасці, прабачэння, прыгажосці, дабрыні ці зусім наадварот»,
— падкрэсліў ксёндз Джорджо Марыёцці.