Пошук

16.01.2024 10:58   Паводле: Misyjne.pl / Пераклад: Аляксандра Шпілеўская / Catholic.by
Сястра Наталі Бэкар. Фота: Alessandra Tarantino/AP

Міжнародны дзелавы часопіс Forbes прызнаў французскую законніцу сястру Наталі Бэкар адной з 50-і самых уплывовых жанчын у свеце. Часопіс асабліва падкрэсліваў уплыў сястры Бэкар у якасці намесніка сакратара Сіноду Біскупаў у Ватыкане. 

Пра гэта паведамляе Misyjne.pl.

54-гадовая падсакратар Сіноду Біскупаў увайшла ў апублікаваны на 2024 год спіс уплывовых жанчын у Еўропе, на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, старэйшых за 50 гадоў.

Яна ўжо была ў гэтай катэгорыі ў мінулым годзе.

У якасці намесніка сакратара сястра Бекар кіруе глабальным сінадальным працэсам, кульмінацыяй якога стане другая Пленарная асамблея Сіноду ў Рыме ў кастрычніку 2024 года. У лютым 2021 года яна адной з першых жанчын атрымала права голасу на Сінодзе Біскупаў. Кардынал Марыё Грэк, генеральны сакратар Сіноду Біскупаў, сказаў тады: «Намінацыя сястры Наталі Бэкар і магчымасць удзелу з правам голасу адчынілі дзверы», і гаворка не ідзе пра жаночае святарства.

Адносна дыскусій аб жаночым святарстве яна сказала ў снежні 2022 года, напярэдадні Сіноду Біскупаў па сінадальнасці, што ў цяперашні час гэта не праблема для Каталіцкага Касцёла. «Гаворка ідзе не толькі аб адчуванні паклікання да святарства, але заўсёды аб прызнанні таго, што Касцёл паклікаў вас быць святаром», — падзялілася сястра Бекар. На яе думку, недастаткова асабістага адчування або асабістага рашэння. Напярэдадні першага этапу Сіноду Біскупаў у Ватыкане ў кастрычніку 2023 года яна заклікала змяніць погляды на становішча жанчын у Каталіцкім Касцёле. Яна падкрэсліла, што гаворка ідзе не толькі аб пытанні жанчыны ў Каталіцкім Касцёле, «але і аб удзеле жанчыны ўвогуле ў розных рэлігіях і ў грамадстве ў цэлым».

Cястра Наталі Бекар — 52-гадовая францужанка, якая належыць да Інстытута Ксавэрыя, безгабітовай кангрэгацыі сясцёр ксавэрыянак, заснаванай у 1963 годзе. 

Скончыла прэстыжную бізнэс-школу École des hautes études commerciales de Paris (HEC Paris), вывучала філасофію і тэалогію на езуіцкім факультэце тэалогіі Centrе Sèvres у Парыжы, сацыялогію ў іншым прэстыжным парыжскім універсітэце École des hautes études en sciences sociales (EHESS), яна спецыялізавалася ў эклезіялогіі з даследаваннем сінадальнасці ў Школе тэалогіі і служэння Бостанскага каледжа (Злучаныя Штаты Амерыкі).

У 1995 годзе Наталі Бэкар уступіла ў Інстытут Ксавэрыя і ў 2005 годзе дала вечныя абяцанні. Была дырэктарам Нацыянальнай службы евангелізацыі моладзі і пакліканняў Канферэнцыі Біскупаў Францыі (з 2012 па 2018) і кансультантам Генеральнага сакратарыята Сіноду Біскупаў (з 2019). У 2021 годзе Папа Францішак прызначыў яе падсакратаром Сіноду Біскупаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.