У 2023 годзе як мінімум 132 каталіцкія святары і манахі былі забітыя, выкрадзеныя або зняволеныя.
Як паведамляе Ekai.pl са спасылкай на справаздачу папскай асацыяцыі «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» (ACN), эта на восем чалавек больш, чым у папярэднім годзе. У дакладзе папярэджваецца, што рэальная лічба можа быць вышэйшай, таму што ў некаторых краінах цяжка атрымаць спраўджаную інфармацыю.
Паводле звестак ACN, павялічылася колькасць арыштаў служыцеляў Касцёла. У 2023 годзе было налічана 86 выпадкаў па ўсім свеце ў параўнанні з 55-ю ў мінулым годзе. Нікарагуа ўзначаліла спіс краін, дзе зняволена больш за ўсё святароў. Каталіцкі Касцёл неаднаразова публічна крытыкаваў парушэнні правоў чалавека ў гэтай краіне.
У Нікарагуа на працягу года былі інтэрнаваныя 46 прадстаўнікоў Касцёла, у тым ліку біскупы Раландо Хасэ Альварэс Лагас і Ісідоро дэль Кармэн Мора Артэга. Апошні быў арыштаваны за некалькі дзён да Божага Нараджэння разам з 18-ю іншымі святарамі. Біскуп Альварэс атрымаў 26 гадоў пазбаўлення волі ў лютым пасля таго, як адмовіўся пакінуць краіну. Многія з арыштаваных святароў і членаў манаскіх кангрэгацый былі высланы з Нікарагуа, у тым ліку Сёстры Місіянеркі Міласэрнасці.
ACN таксама атрымала пацверджаныя паведамленні пра 14 забітых прадстаўнікоў духавенства, у тым ліку адзінаццаці святарах. У Нігерыі ксёндз Ісаак Ачы і семінарыст Нааман Данламі загінулі ў выніку падпалаў. Бэнэдыктынскі навіцый Годвін Эзэ, які раней быў выкрадзены разам з двума сваімі сабратамі, таксама быў забіты. У Мексіцы застрэлілі святара аўгустынца Хаўера Гарсію Вілафанью, які неаднаразова выступаў супраць наркакартэляў.
Найбольшая колькасць выкраданняў, а менавіта 28, зафіксавана ў Нігерыі. Большасць пацярпелых вызваленыя, але тры святары з Нігерыі і адзін з Буркіна-Фасо ўжо некалькі гадоў лічацца зніклымі без вестак. На Гаіці зафіксаваны два выпадкі выкрадання духавенства, а ў Эфіопіі выкрадзена законніца.