Пошук

31.07.2023 11:06   Тэкст: Яна Чайко / Фота: Арцём Ткачук / Catholic.by

З 22 па 29 ліпеня праходзіла пешая пілігрымка беларусаў замежжа Варшава–Кодэнь–Кастамлоты, у якой узялі ўдзел амаль 40 чалавек.

Падчас вандравання з выключна духоўнымі мэтамі, дэвізам якога былі словы «З Богам да Беларусі», пілігрымы разважалі пра тое, чаго Бог хоча ад беларусаў у эміграцыі, як сябе знайсці, што трэба рабіць, як адкрыць сваё пакліканне. Маліліся вельмі шмат за Беларусь, за беларускі Касцёл і за беларускі народ.

Пілігрымка працягласцю больш як у дзве сотні кіламетраў прайшла ўжо ў другі раз. Яе ўдзельнікі наведалі санкутарый Маці Божай Кодэньскай, Каралевы Падляшша, і грэка-каталіцкую святыню ў Кастамлотах. Каардынатар пілігрымкі Арцём Ткачук адзначае:

«Усё больш парафій адкрывае свае дзверы і шчыра прымае пілігрымаў. Адчувалася, што жыхары гарадоў і вёсак, праз якія мы ішлі, вельмі добра ставяцца да беларусаў і ахвотна давяраюць нам свае інтэнцыі, каб мы данеслі іх да Маці Божай».

Таксама Арцём распавёў, што ў мінулым годзе пробашч адной з парафій папрасіў пілігрымаў занесці да Маці Божай у Кодэнь інтэнцыю, каб Бог паклікаў да святарства хоць бы аднаго юнака з іх парафіі, бо да гэтай пары адсюль не было ніводнага паклікання. Сёлета святар падзяліўся радасцю, што адзін ягоны парафіянін вучыцца ў семінарыі. Пілігрымы ўспрынялі гэтую вестку як неверагодны цуд і прыгожае сведчанне.

У самім Кодэні пілігрымковая супольнасць мела вялікую радасць. Маладая пара з Беларусі, якая тыдзень ішла пешкі да Маці Божай, прыняла ў санктуарыі сакрамэнт сужэнства.

Сёлета ў пілігрымцы ўдзельнічалі беларусы з Беластока, Варшавы, Кракава і Познані і вернікі грэка-каталіцкага абраду.

Шмат паломнікаў ішлі гэтым шляхам ужо другі раз. На думку арганізатараў, гэта яскравае сведчанне таго, што пілігрымка важная для людзей, а значыць працяг будзе.

Пілігрымы выказваюць удзячнасць духоўнаму кіраўніку пілігрымкі за яе правядзенне, усім ахвярадаўцам, а таксама ўсім тым, хто розным чынам пыдтрымліваў пілігрымку і яе ўдзельнікаў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа