23 ліпеня ў Алясніцы, што непадалёк ад Уроцлава (Польшча), адбылася чарговая сустрэча ўроцлаўскай супольнасці беларусаў-католікаў.
Распачалася сустрэча святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў ксёндз Мечыслаў Янчышын, пробашч мясцовай парафіі святога Яна. У мінулым святар больш за 20 гадоў нёс душпастырскае служэнне ў Беларусі, на тэрыторыі Віцебскай дыяцэзіі, у Лепелі, Новалукомлі і Глыбокім. За гэты час руплівец на ніве Пана пабудаваў чатыры касцёлы, дзе і сёння кіпіць рэлігійнае жыццё.
Пасля Эўхарыстыі адбылася нефармальная сустрэча, падчас якой сабраныя знаёміліся, размаўлялі, гулялі, наведалі алясніцкі замак, смажылі дранікі і грылявалі. Усяго прысутнічала каля 30-і чалавек з Уроцлава, Алясніцы і Варшавы. Некаторыя прыйшлі цэлымі сем’ямі, разам з дзецьмі.
Гэта была ўжо другая такая сустрэча ў Алясніцы.
Беларускую каталіцкую супольнасць тут моцна падтрымлівае ксёндз Мечыслаў, які вельмі адкрыты на ўсе рэлігійныя ініцыятывы, скіраваныя на паглыбленне духоўнасці і захаванне ідэнтычнасці католікаў-беларусаў за мяжой.
Падчас першай сустрэчы ён зладзіў экскурсію па базыліцы, дзе знаходзіцца адзіная ў Польшчы ланцуговая бібліятэка, дзе кнігі трымаюць на ланцугах, а таксама старажытная крыпта з саркафагамі.
Сустрэчы супольнасці беларусаў-католікаў ва Уроцлаве адбываюцца кожную другую нядзелю месяца а 15-й гадзіне ў парафіі святога Юрыя, мучаніка, і Узвышэння Святога Крыжа (адрас: ul. Biegła 3, Wrocław).