У суботу 22 ліпеня ў парафіі святой Марыі Магдалены ў Новалукомлі (Віцебская дыяцэзія, Лепельскі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць, а таксама дзве гадавіны: 25-годдзе з моманту афіцыйнай рэгістрацыі парафіі і 20-годдзе з часу будаўніцтва касцёла.
Святкаванне распачалося напярэдадні: увечары ў пятніцу ў Новалукомль былі дастаўлены спісы найбольш шанаваных на нашых землях абразоў Маці Божай, якія ўжо трэці год перэгрынуюць па парафіях Беларусі. Іконы сустракалі мясцовыя вернікі на чале са сваім пробашчам, ксяндзом Мікалаем Ліпскім.
Святар ужо сёмы год з’яўляецца душпастырам новалукомскай каталіцкай супольнасці і разам з парафіянамі працягвае працу па аздабленні касцёла. Цяпер у святыні вядзецца праца па афармленні галоўнага алтара па праекце мастака Паўла Кандрусевіча.
У суботу ва ўрачыстасцях узялі ўдзел два іерархі: біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Малітоўную атмасферу перад святой Імшой стварыў спеў хора «Залатая Горка» з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) у Мінску. Музычны калектыў пад кіраўніцтвам мастацкага кіраўніка Святланы Шэйпы выканаў некалькі духоўных кампазіцый перад сабранымі ў святыні вернікамі.
На пачатку святой Імшы біскуп Буткевіч сардэчна прывітаў мясцовых парафіянаў і гасцей фэсту ў новалукомскай святыні святой Марыі Магдалены, у якой чвэрць стагоддзя таму яшчэ размяшчалася гарадская кацельня, а цяпер — сапраўдны Дом Божы, дзе адбываюцца набажэнствы і ўдзяляюцца святыя сакрамэнты.
Віцебскі біскуп заўважыў, што на камяністай зямлі вакол касцёла цяпер прыгожы квітнеючы сад з невялікай сажалкай і добраўпарадкаванымі сцежкамі. «Мы бачым, як час, праца рук чалавечых і Божая ласка робяць сваю справу», — падкрэсліў іерарх, нагадаўшы вернікам, каб заўсёды разумелі і памяталі, што таксама з’яўляюцца часткай гэтай святыні.
«Супольная прысутнасць на малітве — гэта знак прусутнасці Бога ў гэтай святыні. Дзе ёсць Бог, там змяняецца жыццё», — сцвердзіў пастыр Касцёла Віцебскай дыяцэзіі.
«Так, як Дух Святы прерамяняе матэрыяльны свет, тое самае Бог здзяйсняе ў сэрцы чалавека, калі мы Яму дазваляем гэта зрабіць. Таму няхай сённяшняе свята ўмацуе нас на гэтай духоўнай дарозе», — пажадаў удзельнікам урачыстасці біскуп Алег Буткевіч.
На ўрачыстасць у Новалукомль прыбылі святары з суседніх Крупак, Талачына, Лепеля, Оршы, Ахрэмаўцаў і з Мінска.
Падчас святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Касабуцкі, шэсць мясцовых вернікаў прынялі сакрамэнт канфірмацыі. У прамоўленай гаміліі іерарх звярнуў увагу на асобу святой апякункі новалукомскай парафіі.
«На прыкладзе Марыі Магдалены мы бачым, наколькі міласэрным з’яўляецца Бог. Ён — любячы Айцец, які чакае навяртання кожнага чалавека», — падкрэсліў біскуп, нагадаўшы, што сустрэча з Езусам цалкам змяніла жыццё гэтай евангельскай жанчыны.
Звяртаючыся да кандыдатаў да канфірмацыі, біскуп Касабуцкі нагадаў ім пра важнасць выкананне Божых запаведзяў.
«Нашае заданне ў тым, каб сапраўды адбылася пэўная духоўная перамена. Для гэтага неабходна супрацоўнічаць з Богам, быць разам у малітве. Бог зрабіў для гэтага ўсё: Ён даў нам сваю міласэрнасць, даў нам адпаведныя дары і ласкі, а далейшае ўжо залежыць ад нас. Калі мы хочам, каб Хрыстус кіраваў намі, то нашае заданне — адкрыць сэрцы на Яго волю», — сказаў іерарх.
Напрыканцы святочнай літургіі адбылася Эўхарыстыная працэсія вакол касцёла, пасля чаго біскуп Юрый Касабуцкі благаславіў крыж, які намаганнямі парафіянаў быў ўсталяваны пры касцёле святой Марыі Магдалены як сімвал хрысціянскай веры і напамін аб перамозе Хрыста над грахом і смерцю.
Пасля супольнай малітвы ўдзельнікаў фэсту чакаў смачны пачастунак і канцэрт, на якім выступілі салістка Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Беларусі Валянціна Альшанская, заслужаны артыст Беларусі, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» Алег Сямёнаў, а таксама гурт «Дразды».