![](/3/images/news/2023/07/2023-07-20-koden-1024x683.jpg)
У суботу 22 ліпеня беларусы замежжа ў другі раз вырушаць у пешую пілігрымку Варшава–Кодэнь–Кастамлоты.
Пілігрымы пройдуць 210 кіламетраў пад дэвізам: «З Богам да Беларусі».
Як адзначае Душпастырства беларусаў у Варшаве, якое арганізуе пілігрымку, сёлета ў яе запісаліся 40 удзельнікаў. Гэта ўдвая больш, чым у мінулым годзе.
У пілігрымцы пойдуць католікі беларускага паходжання з усёй Польшчы.
Па дарозе будуць адбывацца традыцыйныя набажэнствы, такія як Гадзінкі да Найсвяцейшай Панны Марыі, Ружанец з разважаннямі кардынала Казіміра Свёнтка, Вяночак да Божай Міласэрнасці.
Кіруючыся ў санктуарый Маці Божай Кодэньскай, Каралевы Падляшша, Пілігрымы таксама будуць штодзённа прасіць заступніцтва Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі. Акрамя таго, на працягу дня будуць адбывацца катэхезы, і двойчы ў дзень запланаваны гадзіны цішыні для разважання над Божым словам.
У Кодэнь пілігрымы прыбудуць у пятніцу 28 ліпеня, а на наступны дзень наведаюць грэка-каталіцкі санктуарый у Кастамлотах.