15 ліпеня, у дзень успаміну святога Бонавэнтуры, некалькі дзясяткаў вернікаў Масквы і рэгіёна сабраліся на святую Імшу на беларускай мове ў капліцы кляштара айцоў францішканаў у сталіцы суседняй дзяржавы.
Перад набажэнствам адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
На пачатку святой Імшы, падчас уваходу, які сімвалізуе духоўную пілігрымку, пад скляпеннямі капліцы прагучаў спеў-малітва «Малюся за цябе, Беларусь».
Целебраваў Эўхарыстыю айцец Пётр Карнелюк OFMConv, адказны за душпастырства католікаў-беларусаў у Маскоўскім рэгіёне.
У прамоўленай гаміліі святар адзначыў, што ў простых вобразах сейбіта і кінутага ім насення Езус паказвае розных людзей і іх адносін да Бога.
«Ці не занадта мы чэрствыя, якім „чарка і скварка“ ў гэтым жыцці замяняюць жыццё вечнае? А можа, мы легкадумныя, схільныя жыць павярхоўнымі ўражаннямі? Хтосьці, можа, і цікавіцца духоўным ростам, але зусім не імкнецца да таго, каб атрыманыя ўражанні звязаць з глыбокімі асновамі хрысціянскага жыцця. Такое жыццё часам становіцца падобным да фарсу», — заўважыў айцец Пётр.
Ён дадаў, што глеба у евангельскай прыпавесці — гэта чалавечая душа. «Калі яна камяністая, сухая, то кінутыя зярняткі можа і ўзыдуць, але без каранёў не здолеюць падняцца узвысь і даць плён. Трэба дбаць пра глебу, паліваць і знішчаць церні. Нельга аднадасова служыць і Богу, і мамоне.
Трэба палоць цярніну, каб зярняткі закаласавалі, не былі прыгнечаны пустазеллем мітусні гэтага свету, каб слова Божае памножылася дзе ў трыццаць, дзе ў шэсьцьдзесят, а дзе ў сто разоў», — заахвоціў вернікаў да працы над сабой душпастыр.
Асаблівыя малітвы ў гэты дзнь удзельнікі святой Імшы ўзносілі за супакой у свеце, бязвінна загінулых і за Высокадастойнага архімандрыта Сяргея Гаека, прызначанага пастановай Папы Францішка Апостальскім адміністратарам для грэка-католікаў у Беларусі. Завяршылася набажэнства агульным беларускім рэлігійным спевам.
Пасля святой Імшы адбылася традыцыйная пастырская сустрэча вернікаў з айцом Пятром Карнелюком, які апекуецца католікамі беларускага паходжання ў Маскве.