Пошук

28.03.2023 16:33   Паводле: rkc.org.ua / Фота: rkc.org.ua / Catholic.by

У суботу 25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у Вышэйшай духоўнай семінарыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Ворзэлі, што пад Кіевам, падчас урачыстай цэлебрацыі адбыўся абрад каранацыі фігуры Маці Божай Фацімскай.

У гэты дзень карону на фігуру Багародзіцы ўсклаў Апостальскі нунцый ва Украіне арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас.

На партале Рыма-Каталіцкага Касцёла ва Украіне rkc.org.ua адзначаецца, што каранацыя стала асаблівай падзеяй. Пра яе распавёў рэктар семінарыі ў Ворзэлі ксёндз Руслан Міхалкіў: «Нядаўна была гадавіна прысвячэння Украіны і Расіі Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Для нас у семінарыі гэта звязана з бамбардзіроўкай, якая, па сведчаннях нашых суседзяў, адбылася адразу пасля гэтага прысвячэння. У той час Ворзэль быў акупаваны, а семінарысты і фарматары эвакуяваліся. У нашай сталоўцы стаяла фігура Багародзіцы, якая перад пасвячэннем была набыта ў Фаціме.

Падчас бамбардзіроўкі асколак, праляцеўшы каля 40–50-і метраў, прабіў вакно сталоўкі і трапіў у фігуру Панны Марыі. Яна ўпала на падлгу. Галава была адбітая, аднак аблічча засталося цэлым. Цяпер мы працуем над рэстаўрацыяй гэтай фігуры. Гэта быў знак, што нянавісць і зло змагаюцца супраць дабра.

Для нас было вельмі сімвалічным тое, што сёлета ва ўрачыстасць Звеставання Апостальскі нунцый каранаваў новую фігуру Маці Божай Фацімскай. Гэта знак асаблівай прысутнасці Папы Францішка з намі, наогул у нашым Касцёла ва Украіне і ў нашай супольнасці асабліва», — адзначыў ксёндз рэктар.

Пасля ўрачыстай святой Імшы адбылася нефармальная сустрэча семінарыстаў і выкладчыкаў з Апостальскім нунцыем Кульбокасам.

Перад урачыстасцю Звеставання Старшыня Канферэнцыі Рыма-Каталіцкіх Біскупаў Украіны біскуп Луцкі Віталій Скамароўскі следам за Папам Францішкам заахвоціў вернікаў аднавіць акт прысвячэння змучанай вайной краіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Абноўлена 28.03.2023 16:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця