Беларусы каталіцкага веравызнання, якія жывуць і вучацца ў Польшчы, маюць магчымасць удзельнічаць у велікапосных рэкалекцыях на роднай мове.
У Чацвёртую нядзелю Вялікага посту духоўныя практыкаванні адбываліся ў Варшаве і Гданьску. З беларусамі-католікамі польскай сталіцы маліўся хрыстусовец з Мінска ксёндз Андрэй Лысы SCh, а ксёндз Павел Кнурэк правёў дзень засяроджання ў Гданьску.
Рэкалекцыі ў Варшаве адбываліся на тэму «Пра споведзь інакш, па-даросламу».
Традыцыйна духоўныя практыкаванні былі падзелены на два блокі: дзень засяроджання і так званыя «вечаровыя», або «традыцыйныя рэкалекцыі» са святымі Імшамі, набажэнствамі і канферэнцыямі. Ксёндз Андрэй Лысы разам з прысутнымі разважаў над умовамі добрай споведзі.
Беларусы-католікі ў Гданьску ўжо ў чарговы раз сабраліся на дзень духоўнага аднаўлення.
Велікапосныя духоўныя практыкаванні былі разлічаны на дарослых і дзяцей. Малодшыя ўдзельнікі мелі магчымасць наведаць катэхезу, майстар-клас па пластыцы і правесці супольны час для гульні. Дарослыя ўдзельнічалі ў канферэнцыях, адарацыі і мелі магчымасць прыступіць да споведзі.
«Мы хочам падзякаваць ксяндзу Паўлу за ахвяраваны час і за яго талент прамоўцы. Дзякуючы гэтым рэкалекцыям нашае духоўнае падарожжа стала больш плённым», — адзначаюць удзельнікі душпастырства беларусаў у Гданьску.
У Пятую нядзелю Вялікага посту, 26 сакавіка, рэкалекцыйную навуку для беларусаў Беластока будзе абвяшчаць ксёндз Генрых Кучынскі, пробашч з Мар’інай Горкі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Барысаўскі дэканат). Пачатак св. Імшы ў 14.00 у касцёле Маці Божай Гвадэлупскай (Wroclawska, 8).
Душпастырствы беларусаў-католікаў дзейнічаюць у сямі гарадах Польшчы: Беластоку, Варшаве, Вроцлаве, Гданьску, Кракаве, Лодзі, Любліне і Познані.
Усю інфармацыю пра сустрэчы і кантактныя дадзеныя можна знайсці ТУТ>>>