Пошук

14.03.2023 17:17   Тэкст: Яна Чайко / Фота: Яўген Гарлуковіч / Catholic.by

11 сакавіка беларуская каталіцкая моладзь, якая вучыцца і жыве ў Варшаве, зладзіла пілігрымку ў Кальварыю Зэбжыдоўскую, дзе знаходзіцца вядомы ў Польшчы санктуарый, і па дарозе наведала самы стары кляштар у Польшчы.

Адной з велікапосных традыцый у моладзевым душпастырстве з’яўляецца дзень засяроджання. У мінулыя гады ён праходзіў у парафіі святой Фаўстыны ў Варшаве, дзе нясе служэнне душпастыр тутэйшай беларускай моладзі ксёндз Яўген Вінтоў, або ў парафіі святога Аляксандра, дзе збіраюцца на малітву мясцовыя беларусы.

У гэтым годзе ксёндз Яўген прапанаваў выезд у Кальварыю Зэбжыдоўскую, дзе знаходзіцца вядомы пасійны і марыйны санктуарый Маці Божай, а таксама кляштар айцоў бэрнардынаў.

У праграме дня была святая Імша перад абразом Маці Божай Кальварыйскай, Ружанец і экскурсія па комплексе.

Месца, як падказвае сама назва, знакамітае перадусім размешчанай тут Кальварыяй — Крыжовым шляхам даўжынёй у пяць кіламетраў, што ўтвараюць 42 капліцы. Гэтае адмысловае месца культу ўнесена нават у спіс ЮНЕСКА.

На жаль, надвор’е не дазволіла правесці набажэнства на вуліцы, таму моладзь малілася Крыжовы шлях ужо ў дарозе.

Па дарозе ў Варшаву заехалі ў Тынец, што ў Кракаўскай дыяцэзіі, дзе наведалі найстарэйшы з усіх кляштараў у Польшчы — старадаўняе абацтва бэнэдыктынаў — і прысутнічалі на прыгожай літургіі малітвы Нешпараў.

Падчас пілігрымкі моладзь не толькі малілася ў інтэнцыі Беларусі і беларускіх душпастырстваў у Польшчы, але і абмеркавала сумесныя сустрэчы і будучыя выезды.

Моладзевыя сустрэчы ў Варшаые адбываюцца па панядзелках пасля святой Імшы а 18-й гадзіне ў парафіі святога Аляксандра (плошча Трох Крыжоў).

Абноўлена 14.03.2023 17:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.