У другой палове дня ў суботу 18 лютага ў прыгарадзе Лос-Анджэлеса Асьенда-Гайтс (ЗША, Каліфорнія) быў знойдзены мёртвым дапаможны біскуп Лос-Анджэлесскай архідыяцэзіі Дэвід О’Конэл.
Як паведамілі ў дэпартаменце шэрыфа Лос-Анджэлеса, іерарх быў застрэлены, але акалічнасці забойства не падаюцца. Кампетэнтнымі органамі распачата следства.
Смерць 69-гадовага іерарха пацвердзіла архідыяцэзія.
«З вялікім смуткам інфармую, што сёння пасля поўдня наш умілаваны дапаможны біскуп Дэвід О’Конэл нечакана адышоў. Я моцна ўзрушаны і не маю словаў, каб выказаць мой смутак», — напісаў Лос-Анджэлескі арцыбіскуп Хасэ Гомэс.
Біскуп О’Конэл распачаў служэнне ў архідыяцэзіі як святар 45 гадоў таму. У 2015 годзе Папа Францішак менаваў яго біскупам.
«Біскуп Дэйв быў чалавекам глыбокай малітвы, які меў вялікую любоў да нашай Найсвяцейшай Маці. Ён быў будаўніком міру з сэрцам, адкрытым для бедных і мігрантаў; быў захоплены будаваннем грамадства, у якім святасць і годнасць кожнага чалавечага жыцця была б у пашане і пад абаронай», — падзяліўся арцыбіскуп Гомэс.
Як адзначае штодзённік USA Today, шэрыф Майкл Модыка ў суботу вечарам сказаў журналістам, што смерць біскупа О’Конэла расследуецца як «падазроная». Аднак улады не лічаць, што існуе небяспека для грамадства.