Пошук

14.02.2023 13:10   Паводле: slovoproslovo.info / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: AFP

У Сірыі, якая разам з Турцыяй моцна пацярпела ад серыі падземных штуршкоў 6 лютага, кляштары і святыні розных хрысціянскіх канфесій — мараніцкай, каталіцкай, праваслаўнай, грэка-каталіцкай і іншых — адчыняюць свае дзверы, каб даць прытулак тым, хто застаўся без даху над галавою з прычыны землятрусу.

Як паведамляецца на сайце slovoproslovo.info, рэлігійныя лідары розных супольнасцяў падкрэсліваюць, што яны радыя ўсім, незалежна ад веравызнання, нацыянальнасці ці палітычных поглядаў.

«Гэта адчайдушная гуманітарная сітуацыя», — сказаў журналістам халдэйскі каталіцкі арцыбіскуп Алепа Антуан Одо. У яго рэзідэнцыі пражывае каля 50-і асоб, сярод якіх як пажылыя людзі, так і зусім маленькія немаўляты. Іншыя знайшлі прытулак у мараніцкай катэдры святога Іллі, 1600 — у грэчаскім праваслаўным епіскапаце і больш за 2 тыс. — у францішканскім кляштары ў Алепа.

«Няма электрычнасці, няма паліва, зіма вельмі суровая, зімна ўсярэдзіне і звонку. Там вельмі шмат бядоты», — распавядае арцыбіскуп Одо.

Цэнтры надзеі «Адчыненыя дзверы» сёння ахопліваюць каля 5400 асоб. Яны раздаюць двухразовае харчаванне, пераважна бутэрброды, а таксама даюць коўдры і месца для адпачынку. Валанцёры і духоўныя асобы слухаюць, як людзі дзеляцца перажытым.

«Мы бачым, што шмат людзей успрымаюць гэта як знак, каб глыбей угрунтавацца ў сваёй веры, — кажа супрацоўніца дабрачыннай арганізацыі Лэйла Самар. — Пэўная сям’я, жанчына, якая жыве на пятым паверсе дома са сваёй пажылой маці і сынам, падзялілася з намі, як яны ўцякалі, калі будынак пачаў руйнавацца. Яе сын, няверуючы, усклікаў з падзякай Богу, калі яны ўратаваліся».

Нагадаем, што каталіцкія біскупы Беларусі скіравалі Паведамленне да духавенства, кансэкраваных асоб і ўсіх вернікаў, у якім запрашаюць да малітвы за пацярпелых ад землятрусу ў Турцыі і Сірыі, а таксама ад войнаў у розных частках свету.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.