Пошук

09.02.2023 19:19   Паводле: rkc.org.ua / Catholic.by

8 лютага Генеральны вікарый Святога Айца Папы Францішка для Рымскай дыяцэзіі кардынал Анджэло дэ Данаціс абвясціў, што 24 лютага, гадавіна пачатку вайны ва Украіне, стане ў дыяцэзіі днём посту і малітвы ў інтэнцыі міру ў гэтай краіне.

Як паведамляецца на партале Рыма-Каталіцкага Касцёла ва Украіне rkc.org.ua, з гэтай нагоды таксама адбудзецца святая Імша ў катэдральнай святыні Рыма — базыліцы святога Яна на Латэране.

Як нагадвае кардынал дэ Данаціс, 24 лютага споўніцца год з пачатку канфлікту ва Украіне, трагедыі вайны — дванаццаці напружаных месяцаў пакутаў.

«На жаль, акрамя таго, што мы не бачым ніводнага пробліску святла для прыпынення ваенных дзеянняў, мы заклапочаны грамадскімі дэбатамі, у якіх зброя прапануецца як адзіны сродак для аднаўлення міру. Мы як вернікі не можам з гэтым згадзіцца: мы не хочам змірыцца з адсутнасцю рашэнняў для сапраўднага міру. Мы таксама не павінны падманваць сябе тым, што шлях да міру і прымірэння лёгкі.

І ўсё ж мы просім у Пана Бога гэтага міру, мы хочам пабудаваць яго ў нашым штодзённым жыцці, сваімі малымі і вялікімі справамі», — напісаў Генеральны вікарый ў лісце, адрасаваным духавенству і кансэкраваным асобам Рымскай дыяцэзіі.

Кардынал выказаў падзяку ўсім тым, хто адданы шляху да міру і прымае, абараняе, падтрымлівае пацярпелых ад вайны ва Украіне.

«24 лютага — сімвалічная дата, і мы хочам пражыць яе па-асабліваму; гэта не свята і не юбілей. І ўсё ж я адчуваю неабходнасць запрасіць усіх вас правесці гэты дзень у посце і супольнай малітве. Я заклікаю супольнасці аб’яднацца і прасіць у Пана Бога дар міру і ўмацавання нашых дзеянняў як міратворцаў», — адзначыў кардынал Анджэло дэ Данаціс.

У пятніцу 24 лютага ў базыліцы святога Яна на Латэране а 18-й гадзіне адбудзецца набажэнства ў інтэнцыі міру ва Украіне.

Абноўлена 09.02.2023 19:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця