Пошук

07.02.2023 14:41   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Simon Maina / AFP via Getty Images

5 лютага завяршылася Апостальскае падарожжа Папы Францішка ў Афрыку, у межах якога Святы Айцец наведаў дзве краіны: Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан.

У нядзелю апоўдні на самалёце Папа вярнуўся з Джубы ў Рым, завяршыўшы сваё 40-е замежнае падарожжа.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, адразу пасля вяртання Папа Францішак па традыцыі наведаў рымскую базыліку Святой Марыі Вялікай, дзе перад цудадзейным абразом Маці Божай, які ўшаноўваецца пад тытулам Salus Populi Romani — Збаўленне рымскага народа — падзякаваў Панне Марыі за здзейсненае падарожжа.

Яно шырока асвятлялася ў СМІ, якія адзначалі вельмі станоўчую атмасферу падчас гэтай пілігрымкі, падаючы шмат станоўчых каментароў на гэтую тэму.

У аглядзе прэсы ад дырэктара Беларускай рэдакцыі парталу Vatican News ксяндза Аляксандра Амяльчэні адзначаецца, што на вокладцы суботняга выпуску паўднёваафрыканскага штотыднёвіка The Continent змешчана фота Святога Айца, які едзе на папамабілі, акружаны натоўпам вітаючых яго жыхароў сталіцы Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і дзясяткамі тэлекамер. «Для Папы, які мае патрэбу ў хуткай маральнай падтрымцы, няма лепшага месца, чым Кіншаса», — піша часопіс, падкрэсліваючы «энтузіязм прыёму», не меншы за той, які Папа Францішак сустрэў у Паўднёвым Судане. Гэтыя незвычайныя сцэны сведчаць пра тое, што статыстыка кажа Касцёлу: будучыня каталіцтва — за Афрыкай», — адзначае The Continent.

У рэпартажы са сталіцы Паўднёвага Судана Джубы Radio Tamazuj паведамляе пра тысячы вернікаў, якія, не звяртаючы ўвагі на «пякучае сонца», працягвалі чакаць, у надзеі ўбачыць Папу ў яго маленькім белым фіяце.

EyeRadio называе першы візіт Пантыфіка «гістарычным момантам» для краіны таксама і таму, што ён прыбыў з «пасланнем міру і згоды» ў рэгіён, ахоплены насіллем.

Пасля сустрэчы з прэзідэнтам Сальвай Кіірам і віцэ-прэзідэнтам Рыекам Мачарам Францішак заклікаў народ «пазбягаць нянавісці, рознагалосся і дробязнасці».

Падчас візіту ў самую маладую краіну Афрыкі Святога Айца суправаджалі англіканскі арцыбіскуп Кэнтэрберыйскі Джасцін Уэлбі і метадысцкі пастар з Шатландыі Іэн Грыншылдс. Паўднёвасуданская газета Sudan Tribune падкрэсліла, што экуменічная місія трох рэлігійных лідараў, скіраваная на ўсталяванне міру ў краіне, якую раздзірае вайна, «з’яўляецца рэдкасцю». Ужо ў першы дзень візіту яны выступілі з «прамым зваротам» да палітыкаў Паўднёвага Судана.

Многія СМІ таксама звяртаюць увагу на сімвалічнае значэнне афрыканскай паездкі Папы.

BBC адзначае, што «падарожжа адбываецца ў той час, калі доўгатэрміновы мір і стабільнасць у Паўднёвым Судане здаюцца далёкай перспектывай». «Грамадзяне пакутуюць ад жахлівай галечы, і ў іх мала надзеі на палітычных лідараў сваёй краіны», — піша карэспандэнт брытанскага інфармацыйнага агенцтва.

У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, дзе Папа Францішак быў з 31 студзеня па 3 лютага, мясцовыя СМІ прыводзяць шмат станоўчых каментароў. Касцёльныя ўлады хваляць урад за паспяховае правядзенне папскага візіту. Урад, тэлерэпарцёры і нават вулічныя гандляры задаволеныя, рэзюмуе Radio Okapi. Яно падкрэслівае, што моладзь вельмі хацела б, каб папскі візіт працягваўся даўжэй. У той жа час радыёстанцыя паведаміла, што на вуліцах Кіншасы найбольш прадаваліся календары, сцягі і бірулькі з папскай тэматыкай, а папяровы капялюш каштаваў у эквіваленце 45 еўрацэнтаў.

Партал Digital Congo лічыць, што Папа Францішак можа ганарыцца сваім візітам, бо ў гэтыя дні ён «рэалізаваў сваю місію апостала міру і паяднання».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.