Пошук

02.02.2023 11:25   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: Alexis Huguet / AFP

З 31 студзеня па 6 лютага адбываецца 40-е Апостальскае падарожжа Папы Францішка. Гэтым разам Святы Айцец скіраваўся ў Афрыку, дзе ён наведае дзве краіны: Дэмакратычную Рэспубліку Конга, а потым — Паўднёвы Судан.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, папскае падарожжа ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга праходзіць пад дэвізам «Усе паяднаныя ў Езусе Хрысце».

Сваім візітам Папа Францішак жадае паспрыяць міру і выказаць блізкасць ахвярам насілля і войнаў, ад якіх краіна пакутуе з пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

Пасля прыбыцця ў краіну, у Міжнародным аэрапорце Нджылі Папу сустрэў Прэм’ер-міністр Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Жан-Мішэль Сама Лукондэ. Дзеці ў традыцыйных строях уручылі Святому Айцу кветкі. Пантыфік і кіраўнік ураду разам прайшлі ўздоўж ганаровай варты ў VIP-залу аэрапорта, дзе адбылася іх кароткая сустрэча.

Фота: AP / Gregorio Borgia

Потым Папа Францішак скіраваўся ў «Палац нацыі» ў Кіншасе — рэзідэнцыю мясцовага прэзідэнта, дзе адбылася афіцыйная цырымонія прывітання і кароткая прыватная сустрэча з кіраўніком краіны Фэліксам Антуанам Чысекеды Чыломбам. Падчас абмену падарункамі Святы Айцец уручыў кангалезскаму лідару памятны медаль, адчаканены спецыяльна да яго 40-а апостальскага падарожжа.

Звяртаючыся 31 студзеня да ўладаў ДРК, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпусу, Папа адзначыў, што з радасцю наведвае гэтую прыгожую краіну з яе экватарыяльнымі лясамі, пласкагор’ямі, саванамі, гарамі, вулканамі, азёрамі, вялікімі вадаёмамі і ракой Конга, якая ўпадае ў акіян. Ён падкрэсліў, што прыродныя рэсурсы і геаграфічныя ўмовы краіны вельмі разнастайныя і багатыя ў той час, як яе гісторыя менш шчодрая.

Дэмакратычная Рэспубліка Конга працягвае быць сведкам канфліктаў і вымушанай міграцыі, а таксама пакутаваць ад жудасных форм эксплуатацыі.

Гэтая велізарная і поўная жыцця краіна, дыяфрагма Афрыкі, здаецца, задыхаецца ад насілля, «як пасля ўдару пад дых», — сказаў Святы Айцец.

Фота: AP photo / Gregorio Borgia

Пантыфік падкрэсліў, што прыбыў у краіну як пілігрым прымірэння і міру ў час, калі кангалезскі народ змагаецеся за захаванне годнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці, супраць спробаў расколу краіны.

«Я прыйшоў, каб прынесці вам блізкасць, прыхільнасць і суцяшэнне ўсяго Каталіцкага Касцёла», — запэўніў Святы Айцец.

Пантыфік параўнаў краіну з алмазам — сімвалам зіхатлівай прыгажосці, а яе народ назваў «бясконца каштоўнейшым за любы скарб, знойдзены ў гэтай урадлівай глебе». Касцёл і Папа вераць у будучыню кангалезцаў, якой яны павінны прысвяціць усе свае дары інтэлекту, мудрасці і працавітасці.

Фота: nbcnews.com

У другі дзень свайго візіту, 1 лютага, Папа Францішак узначаліў цэлебрацыю святой Імшы на тэрыторыі аэрапорта Ндола ў Кіншасе. Звяртаючыся ў гаміліі да больш чым мільёна вернікаў, якія бралі ўдзел у літургіі, Папа заўважыў, што для вучняў Езуса прычынай вялікай радасці стала магчымасць убачыць Пана, які аб’явіўся ім пасля ўваскрасення і прывітаў словамі: «Спакой вам» (Ян 20, 19). Святы Айцец дадаў, што Хрыстовы спакой «прыйшоў да вучняў у самы нечаканы і безнадзейны момант, калі здавалася, што ўсё страчана і няма нават пробліску спакою».

«Так робіць Пан: здзіўляе нас, працягвае руку, калі мы тонем, уздымае, калі дасягаем дна», — сцвердзіў Папа Францішак. Ён вызначыў тры крыніцы захавання і ўмацавання спакою, якія ўказвае людзям Езус: прабачэнне, супольнасць і місія.

Падчас Імшы з Папам у Кіншасе. Фота: news-24.fr

«„Спакой вам!“ — кажа сёння Езус кожнай сям’і, супольнасці, этнічнай групе, раёну і гораду ў гэтай вялікай краіне. „Спакой вам!“ — няхай гэтыя словы нашага Пана гучаць у цішыні нашых сэрцаў. Давайце пачуем іх, бо яны скіраваныя да нас, і станем сведкамі прабачэння, абаронцамі ў супольнасці, людзьмі ў місіі супакою ў свеце», — заклікаў на заканчэнне гаміліі Святы Айцец.

У той жа дзень Папа Францішак у Апостальскай нунцыятуры ў Кіншасе сустрэўся з пацярпелымі ад насілля на ўсходзе ДРК.

«Вашыя слёзы — мае слёзы; ваш боль — мой боль. <…> Касцёл заўсёды быў і будзе на вашым баку. Бог любіць вас. Ён не забыўся на вас. Але людзі таксама павінны памятаць пра вас!» — сказаў ім Святы Айцец.

Фота: Tiziana Fabi / AFP

Падчас яшчэ адной сустрэчы, якую ў другі дзень знаходжання ў Конга Папа правёў з прадстаўнікамі дабрачынных арганізацый, прысутных у краіне, ён адзначыў, што «трэба дапамагаць бедным, калі свет адмаўляецца ад іх; прымаць бедных, пакуль свет іх эксплуатуе».

Пантыфік звярнуў увагу на праблему, якая, на яго думку, стаіць сёння вельмі востра: беднасць выклікана не столькі адсутнасцю дабротаў і магчымасцяў, колькі іх няроўным размеркаваннем.

«Як займацца дабрачыннасцю, якімі крытэрыямі кіравацца? Яна, перш за ўсё, патрабуе ўзору: насамрэч, гэта не тое, што вы робіце, але гэта выраз таго, што вы ёсць. Гэта стыль жыцця, гэта жыццё Евангеллем. Такім чынам, неабходны аўтарытэт і празрыстасць: я маю на ўвазе фінансавае і адміністрацыйнае кіраванне праектамі, але таксама абавязацельства прапаноўваць адэкватныя і кваліфікаваныя паслугі», — патлумачыў Папа прадстаўнікам дабрачынных структур.

Фота: Gregorio Borgia / AP

 

Абноўлена 03.02.2023 22:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця