У калядны перыяд паміж урачыстасцю Божага Нараджэння і Новым годам душпастырства беларусаў-католікаў Гданьска (Польшча) арганізавала для дзяцей «міні-канікулы» з Богам.
Перад Калядамі група вернікаў выступіла з ініцыятывай зладзіць для дзяцей адпачынак, як гэта было ў беларускіх парафіях, адкуль яны паходзяць. Канікулы з Богам — добрая нагода для таго, каб дзеці разам праводзілі час у хрысціянскім асяроддзі і ўмацоўваліся ў веры.
«Міні-канікулы» з Богам працягваліся толькі два дні. У іх удзельнічала сямёра дзяцей, што нямала для гданьскага душпастырства католікаў беларускага паходжання. За гэты час дзеці разам з дарослымі, якія ўзялі на сябе адказнасць за падрыхтоўку, наведалі навукова-забаўляльны цэнтр у Гдыні, паглядзелі добрае кіно і паглыбілі свае хрысціянскія веды.
Канікулы з Богам на Каляды ў Гданьску сталі першай падобнай ініцыятывай у беларускіх каталіцкіх душпастырствах Польшчы, але, як адзначаюць арганізатары, яна атрымалася лепшай, чым чакалі, таму практыка такога дзіцячага адпачынку пры касцёле будзе працягнута.
Бліжэйшыя Канікулы з Богам плануюцца летам. Іх мяркуецца зрабіць даўжэйшымі і з больш насычанай праграмай.