Пошук

10.11.2022 15:07   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Айцец Юзаф Андраш SI. Фота WAM

Айцец Юзаф Андраш, езуіт, узгадваецца ў «Дзённіку» святой сястры Фаўстыны Кавальскай 59 разоў. Цяпер на яго радзіме ў Польшчы ідзе яго беатыфікацыйны працэс.

Найбольш вядомым спаведнікам і паплечнікам сястры Фаўстыны ў распаўсюджванні культу Божай Міласэрнасці быў наш суайчыннік ксёндз Міхал Сапоцька, беатыфікаваны ў верасні 2008 года.

Між тым першым і апошнім духоўным кіраўніком «сакратаркі Божай Міласэрнасці» быў менавіта айцец Юзаф Андраш.

Ён напісаў першую кнігу аб Божай Міласэрнасці, а акрамя таго быў спаведнікам яшчэ некалькіх асоб з выразнымі містычнымі рысамі, у тым ліку благаслаўлёнай Анэлі Салявы, тэрцыяркі францішканскага ордэна.

Фота TVTrwam

Святар з 1932 года быў квартальным спаведнікам навіцыяту Кангрэгацыі сясцёр Маці Божай Міласэрнасці ў Кракаве-Лагеўніках, але ў яго спавядаліся таксама сёстры пасля манаскіх абяцанняў. Сястра Фаўстына ўпершыню скарыстала з яго паслугі падчас рэкалекцый перад вечнымі манаскімі абяцаннямі ў красавіку 1933 года. У апошнія гады яе жыцця, праведзеныя ў Кракаве, езуіт стаў яе пастаянным духоўным кіраўніком.

У выніку айцец Юзаф быў спаведнікам сястры Фаўстыны больш за два з паловай гады, а пасля яе смерці заняўся рэалізацыяй яе паслання.

Пад яго кіраўніцтвам быў створаны абраз Езуса Міласэрнага пэндзля Адольфа Хылы, які сёння слыне ласкамі ў санктуарыі ў Кракаве-Лагеўніках.

Фота tvp.pl

Апошні спаведнік сястры Фаўстыны даў пачатак урачыстым набажэнствам у гонар Божай Міласэрнасці ў капліцы пры кляштары кангрэгацыі ў Лагеўніках (1943 г.) і адзначэнню свята Міласэрнасці (1944 г.).

Па яго ініцыятыве збіраліся ўспаміны пра сястру Фаўстыну Кавальскую, а яго кніжка «Божая Міласэрнасць… давяраем Табе», у якой папулярызуецца набажэнства да Божай Міласэрнасці ў формах, перададзеных святой сястрой Фаўстынай, была перакладзена на іншыя мовы і вялікімі накладамі разышлася па ўсім свеце.

Менавіта айцец Юзаф Андраш напісаў першую біяграфію «сакратаркі Божай Міласэрнасці»: яе кароткі жыццярыс быў змешчаны ў згаданай кніжцы, а вялікай біяграфія так і не была ім завершана.

Як адзначыў у інтэрв’ю Каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву КАІ віцэпастулатар працэсу беатыфікацыі айца Юзафа Андраша айцец Марыюш Бальцэрак SI, пасля абвяшчэння благаслаўлёным ён мог бы быць апекуном спаведнікаў духоўных кіраўнікоў, на якіх сёння, на думку святара, існуе вялікі попыт.

У сеціве ёсць шматмоўны рэсурс, на якім можна больш даведацца пра асобу айца Юзафа Андраша SI.

Абноўлена 10.11.2022 15:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа