Пошук

02.09.2022 00:00   Тэкст: кс. Януш Чарнамораў / Фота: Вікторыя Куцько, кс. Януш Чарнамораў / Catholic.by

1 верасня ў Польшчы адбылося пахаванне ксяндза Станіслава Паўліны, арыяніста.

Спачылы святар доўгі час быў бліжэйшым супрацоўнікам кардынала Казіміра Свёнтка і прычыніўся да адраджэння структур Каталіцкаша Касцёла ў Беларусі. Ён адышоў у вечнасць 29 жніўня на 90-м годзе жыцця.

Шматлікія святары і вернікі, знаёмыя і родныя сабраліся разам у парафіі Святога Луіджы Арыёне ў Варшаве, каб Божай Міласэрнасці даручыць памерлага ксяндза Станіслава.

На пахаванне былога канцлера Пінскай дыяцэзіяльнай курыі і бліжэйшага супрацоўніка кардынала Казіміра Свёнтка прыбылі некаторыя святары, якія нясуць або неслі святарскую паслугу ў Беларусі на чале з Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі біскупам Казімірам Велікасельцам. Сярод іх наступнік ксяндза Паўліны на пасадзе канцлера ксёндз Андрэй Рылка, ксёндз Ян Саламон з Ганцавічаў, айцец Леанард Адушкевіч з Гомеля, ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі са Свіра, ксёндз Януш Чарнамораў з Нароўлі, ксёндз Славамір Ляскоўскі, ксёндз Юзаф Дзеконьскі і ксёндз Міраслаў Жлабінскі.

Прыбылі таксама прадстаўнікі катэдральнай парафіі ў Пінску, у якой ксёндз Станіслаў быў пробашчам амаль 20 гадоў.

Цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы, а таксама абрады апошняга даручэння і развітання ўзначаліў арцыбіскуп Варшаўскі кардынал Казімір Ныч.

Напрыканцы святой Імшы канцлер курыі Пінскай дыяцэзіі ксёндз Андрэй Рылка прачытаў ліст пастыра Пінскай дыяцэзіі біскупа Антонія Дзям’янкі.

Іерарх выказаў словы спачування і адзначыў вялікі ўнёсак спачылага ксяндза Станіслава ў адраджэнні касцёльных структур на Беларусі, а таксама руплівасць і клопат святара ў адданым служэнні Богу і людзям.

На заканчэнне цэлебрацыі Правінцыял законніцкай супольнасці ксяндзоў рыяністаў ксёндз Кшыштаф Місь FDP выказаў словы спачування родным памерлага, а таксама падзякаваў прадстаўнікам Касцёла на Беларусі за ўдзел у пахаванні.

Пасля гэтага пахавальная працэсія скіравалася на могілкі ў Лазневе каля Варшавы, дзе біскуп Казімір Велікаселец узначаліў абрады пахавання, на заканчэнне якіх удзяліў благаслаўленне ўдзельнікам.

 

 

Абноўлена 02.09.2022 00:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа