Курыя Пінскай дыяцэзіі са смуткам паведамляе, што 29 жніўня на 90-м годзе жыцця адышоў у вечнасць ксёндз Станіслаў Паўліна FDP.
Ксёндз Станіслаў належаў да законніцкай супольнасці арыяністаў.
Спачылы святар доўгі час быў бліжэйшым супрацоўнікам кардынала Казіміра Свёнтка і прычыніўся да адраджэння структур Каталіцкаша Касцёла ў Беларусі.
Быў адказным за правядзенне Сіноду Мінска-Магілёўскай, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, які праходзіў з 1996 па 2000 год. Адыграў ключавую ролю ў апрацаванні і выданні Статутаў Сіноду.
Шмат гадоў быў канцлерам Пінскай дыяцэзіі і пробашчам катэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску. Пад яго кіраўніцтвам вялося будаўніцтва Дома міласэрнасці ў Лагішыне каля Пінска.
Аўтар шматлікіх кніг і артыкулаў пра Слугу Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага і Сведку веры кардынала Казіміра Свёнтка.
- Пахаванне спачылага ксяндза Станіслава Паўліны FDP адбудзецца ў парафіі святога Луіджы Арыёне ў Варшаве (Польшча) у чацвер 1 верасня а 11-й гадзіне па цэнтральнаеўрапейскім часе. На заканчэнне святой Імшы адбудуцца абрады апошняга даручэння і развітання, пасля чаго памерлы святар будзе пахаваны на могілках у Лазневе (каля Варшавы).
Вечны адпачынак дай яму, Пане...