
112 гадоў таму, ў цішыні кастрычніцкага спакою, нарадзіўся той, чыё імя стала сімвалам непахіснасці і нязломнасці духу.
Кардынал Казімір Свёнтэк — чалавек, які праз цемру XX стагоддзя пранёс у сабе незгасальнае святло веры.
Хіба не дзіўна, што чалавечая душа можа ператварыць крыўду ў малітву, а нянавісць — у прабачэнне? Як такое магло адбыцца? Магло. Ці не таму, што у сэрцы кардынала жыў Той, хто мацнейшы за ўсе зямныя буры і катаклізмы?
Калі муры ляжалі ў руінах, а званы маўчалі, хто, як не Казімір Свёнтэк, пачуў іх нябеснае рэха і вярнуў ім голас? Хіба пінская і мінская катэдры не сталі зноў жывымі дзякуючы яго рукам, што не толькі перабіралі кожную чарапічыну на даху пінскай катэдры, але і ўздымалі душы вернікай у неба, адраджаючы Касцёл у Беларусі?
Ці не таму кардынал так любіў фатаграфію і кінематограф, што ў кожным кадры бачый адбітак Божай прыгажосці? І хіба паэзія ды класічная музыка не былі для яго мовай, на якой нябёсы размаўляюць з зямлёй?
Ці не таму, нягледзячы на цяжар перажытага, ён заставаўся аптымістам, што ў кожным выпрабаванні бачыў промні надзеі? І хіба не душою рамантыка ён глядзеў на гэты свет, дзе нават шэрыя будні афарбоўваў у колеры нябеснай любові?

У спадчыну можна перадаць толькі тое, чым валодаеш. Няўжо чыйсьці духоўны вопыт можа дапамагчы самадастатковаму чалавеку XXI стагоддзя? Можа. Калі ў хвіліну роспачы і адчаю прыпомніш сабе простыя і без пафасу словы кардынала, што ідуць з сэрца:
«Еду я ў Варкуту ў гэтым цялячым вагоне, людзі лаюцца або шукаюць нейкі сэнс у гэтым усім, а я думаю: я ў руках Пана Бога, што б ні адбывалася, а я ў руках Пана Бога!»
Кардынал Казімір Свёнтэк вучыць нас, што святло мацнейшае за цемру, прабачэнне — за крыўду, а любоў мацнейшая за ўсё на свеце.
І хіба не таму праз 112 гадоў пасля нараджэння кардынала ў крыпце, дзе ён спачывае, стаяць чароўныя восеньскія хрызантэмы — сімвал любові і памяці? І хіба не таму мы зноў узгадваем яго жыццёвы шлях, каб, беручы прыклад з гэтага ахвярнага пастыра, знайсці Жывога Бога і не расставацца з Ім праз усё жыццё?







