Пошук

25.02.2022 10:45   Паводле: Vatican News / Catholic.by
Фота: xxiamzius.lt

24 лютага адпаведныя заявы зрабілі Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы Францішка кардынал П’етро Паралін,  Cтаршыня Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ) арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас, а таксама кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату біскуп Алег Буткевіч.

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, кардынал Паралін у сваёй заяве ватыканскім СМІ адзначыыў: «Перад абліччам сённяшняга развіцця крызісу ва Украіне, яшчэ выразней і настойлівей гучаць словы, якія Святы Айцец Францішак прамовіў учора на заканчэнне агульнай аўдыенцыі. Папа казаў пра „вялікі боль“, „трывогу і заклапочанасць“. Ён таксама заклікаў усе ўцягнутыя бакі „ўстрымацца ад любых дзеянняў, якія прычыняць яшчэ большыя пакуты насельніцтву, дэстабілізуюць суіснаванне паміж дзяржавамі і дыскрэдытуюць міжнароднае права“, — нагадаў кардынал Дзяржсакратар, падкрэсліўшы, што «гэты заклік набывае драматычную неадкладнасць пасля пачатку расійскіх ваенных дзеянняў на тэрыторыі Украіны».

«Трагічныя сцэнарыі, якіх баяліся мы ўсе, на жаль, сталі рэальнасцю.

Але яшчэ ёсць час для добрай волі, яшчэ ёсць месца для перамоў, яшчэ ёсць месца для праяўлення мудрасці, якая перашкаджае пераважанню прыватных інтарэсаў, абараняе законныя памкненні кожнага і ратуе свет ад вар’яцтва і жахаў вайны. Мы, вернікі, не губляем надзеі на пробліск сумлення тых, хто трымае ў руках лёсы свету. І мы працягваем маліцца і посціць — мы будзем рабіць гэта ў Папяльцовую сераду — у інтэнцыі міру ва Украіне і ва ўсім свеце», — заявіў кардынал П’етро Паралін.

Заклік неадкладна спыніць ваенныя дзеянні гучыць таксама ў Заяве, падпісанай Cтаршынёй Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ) арцыбіскупам Віленскім Гінтарасам Грушасам.

«Касцёлы Еўропы рашуча асуджаюць тое, што адбылося ўчора ўвечары ва Украіне.

Мы павінны дзейнічаць разам і рашуча, каб неадкладна спыніць расійскую агрэсію і зрабіць усё магчымае, каб абараніць нявінных жанчын, мужчын і дзяцей: у імя Бога, неадкладна спыніцеся!» — заявіў арцыбіскуп Віленскі, які цяпер знаходзіцца ў Фларэнцыі на Міжземнаморскай канферэнцыі.

Як інфармуе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, іерарх лічыць, што «міжнародная супольнасць, і ў прыватнасці Еўрасаюз, павінны прыкласці ўсе намаганні, каб пакласці канец канфлікту, каб зброя саступіла месца дыялогу і перамовам для абароны міжнароднага права, а таксама незалежнасці і тэрытарыяльнага суверэнітэту Украіны». Спыніць вайну, на думку кіраўніка еўрапейскага каталіцкага епіскапату, важна яшчэ і таму, што яна «можа перакінуцца на суседнія краіны і стаць пагрозай для ўсёй Еўропы».

Яу вынікае з заявы, еўрапейскія каталіцкія іерархі моляцца за ахвяраў канфлікта і за іх сем’і. Яны яднаюцца з тымі, хто пакутуе, і далучаюцца да закліку Папы да малітвы і посту ў інтэнцыі міру. «Няхай Каралева супакою выратуе свет ад вар’яцтва вайны», — гаворыцца ў заяве Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы.

З Паведамленнем у сувязі з ваенным канфліктам ва Украіне выступіў таксама Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

«Прашу, каб мы, захоўваючы спакой, узнеслі нашую малітву — як асабістую, так і ў парафіяльных супольнасцях, — аб як найхутчэйшым спыненні і як найменшых ахвярах распачатага канфлікта. Каб ён не перарос у чарговую сусветную вайну, і гэта не скончылася агульным апакаліпсісам», — напісаў у сваім Паведамленні кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.

Абноўлена 08.03.2022 15:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.