12 верасня ў Варшаве адбылася ўрачыстая беатыфікацыя кардынала Стэфана Вышынскага, якога ў Польшчы называюць «Прымасам тысячагоддзя» і законніцы Альжбеты Ружы Чацкай, заснавальніцы Таварыства апекі над сляпымі ў Лясках.
Цэлебрацыю беатыфікацыйнай літургіі ў варшаўскай святыні Божага Провіду ўзначаліў кардынал Марчэло Сэмэрара, Прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі. Падрабязны рэпартаж з падзеі быў змешчаны на партале Каталіцкага інфармацыйнага агенцтва КАІ.
У прамоўленай гаміліі высокі іерарх Касцёла адзначыў, што польскія благаслаўлёныя з’яўляюцца ўзорам вернасці Евангеллю і служэння патрабуючым.
Ва ўрачыстай святой Імшы бралі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных уладаў Польшчы ўключна з прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам, кіраўнікі абедзвюх палат парламента і лідары палітычных партый.
Разам з кардыналам прэфектам маліліся кардыналы і арцыбіскупы, у тым ліку Мітрапаліт Варшаўскі кардынал Казімір Ныч, папскі элемазінарый кардынал Конрад Краеўскі, Прымас Чэхіі кардынал Дамінік Дука ОР, а таксама кардынал Станіслаў Дзівіш, Мітрапаліт Кракаўскі на пенсіі і найбліжэйшы супрацоўнік Папы-паляка святога Яна Паўла ІІ.
У цэлебрацыі бралі ўдзел біскупы з розных краін, у тым ліку з Венгрыі, Італіі, Літвы, Малдовы, Украіны і Францыі, а таксама больш за 600 святароў, некаторыя з якіх атрымалі пасвячэнне ад кардынала Вышынскага.
У адказ на прадстаўленую кардыналам Казімірам Нычам просьбу да Святога Айца аб далучэнні да ліку благаслаўлёных Стэфана Вышынскага і Альжбеты Ружы Чацкай прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі кардынал Марчэло Сэмэрара на лаціне прачытаў формулу беатыфікацыі.
У прачытаным па даручэнні Папы Францішка Апостальскім лісце было сказана, што літургічны ўспамін благаслаўлёнага кардынала Вышынскага будзе адзначацца 28 мая, а благаслаўлёнай Альжбеты Ружы Чацкай — 19 мая.
Пасля гэтага адбылося адкрыццё абразоў з выявамі новых благаслаўлёных.
Абраз благаслаўлёнага Стэфана Вышынскага ўрачыста адкрылі члены заснаванага ім у 1952 годзе Апостальскага руху «Сям’я сем’яў», а абраз благаслаўлёнай Альжбеты Ружы Чацкай — настаўніцы і выхавацелькі з навучальна-выхаваўчага цэнтра Таварыства апекі над невідушчымі ў Лясках.
Потым у святыню былі ўрачыста ўнесены рэліквіі новых благаслаўлёных, а кардынал Ныч ад імя ўсіх вернікаў Касцёла ў Польшчы падзякаваў Святому Айцу за беатыфікацыю.