26 жніўня ў Польшчы адзначаецца ўрачыстасць у гонар Маці Божай Чэнстахоўскай, якую польскія вернікі ўшаноўваюць як сваю Каралеву і Апякунку.
Як паведамляе прэс-служба санктуарыя на Яснай Гары, у пешых пілігрымках у Чэнстахову перад сёлетняй урачыстасцю з 16 па 25 жніўня прыйшлі больш за 25 тыс. чалавек.
Пры гэтым адзначаецца, што гэта ненашмат менш, чым прыходзіла сюды да пандэміі.
Усе пілігрымкі адбываліся ў адпаведнасці з санітарнымі прадпісаннямі. Большыя групы выбіралі пераважна эстафетную форму, а меншыя ішлі традыцыйна, але на начлегі спыняліся ў намётах, гаспадарчых памяшканнях ці школах.
Усяго за акрэслены тэрмін у Яснагорскі санктуарыі прыбылі 80 пешых пілігрымак, у якіх узялі ўдзел 25 067 чалавек. Яшчэ каля тысячы пілігрымаў прыехалі ў Чэнстахову на роварах. Акрамя таго, перад урачыстасцю адбыліся дзве пілігрымкі бегам (48 чалавек беглі з Быдгашча і 13 — з Тарнава), і адна — на роліках (54 чалавекі).
Наогул з 22 мая, ад пачтаку пілігрымкавага сезона, у Чэнстахову ў разнастайных пілігрымках прыбылі 80 543 чалавекі.