Сёлета 14 жніўня, ва ўспамін святога Максімільяна Марыі Кольбэ, прыпыдае 80-я гадавіна яго мучаніцкай смерці ў канцэнтрацыйным лагеры Аўшвіц-Біркенаў, што каля польскага Асвенцыма.
Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у гэты дзень настаяцелі ордэна францішканаў, да якога належаў святы, ушануюць памяць свайго сабрата ў мемарыяльным комплексе на месцы нацысцкага лагера смерці, дзе айцец Максімільян дабравольна ахвяраваў сваё жыццё за іншага чалавека.
Усіх шанавальнікаў святога Максімільяна Кольбэ браты запрашаюць на ўрачыстасці з нагоды 80-годдзя яго нараджэння для неба, якія пройдуць у Гармэнжах, што непадалёк ад Асвенцыма.
У размешчаным там Цэнтры святога Максімільяна ў 10.00 сабраныя разам памоляцца Ружанец, а 11-й гадзіне адбудзецца святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліць Генеральны вікарый Меншых Братоў Канвентуальных з Рыма айцец Ян Мацяёўскі OFMConv, а ў 12.30 можна будзе паглядзець музычны спектакль пра святога.
Святы Максімільян Марыя Кольбэ быў францішканінам, заснавальнікам найбольшай у ХХ стагоддзі мужчынскай манаскай супольнасці, стваральнікам вялікага выдавецтва каталіцкай прэсы і рэлігійнай літаратуры ў Непакалянаве пад Варшавай, заснавальнікам марыйнага руху пад назваю «Рыцарства Беззаганнай». Пэўны час ён працаваў у Гродне, у мясцовым кляштары францішканаў. 14 жніўня 1941 года прыняў мучаніцкую смерць у нацысцкім лагеры Аўшвіц-Біркенаў.
Папа Ян Павел ІІ назваў святога Максімільяна Марыю Кольбэ «апекуном цяжкіх часоў».
На радзіме ў Польшчы мучаніка лічаць сімвалам ахвяраў нацызму, абаронцам чалавечай годнасці, прыкладам цнот, вялікім маральным аўтарытэтам і нацыянальным героем.