Пошук

29.07.2020 13:52   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фотакалаж: stmegi.com

29 ліпеня 1941 года айцец Максімільян Марыя Кольбэ падчас пераклічкі ў нацысцкім канцлагеры Аўшвіц-Біркенаў каля польскага Асвенцыма ахвяраваў сваё жыццё за іншага вязня.

На падставе сведчанняў відавочцаў гісторыкам не ўдалося высветліць дакладнай даты, калі мужны францішканін дабравольна пайшоў на смерць замест Францішка Гаёўнічка, які быў бацькам сям’і. Найбольш праўдападобна гэта адбылося менавіта 29 ліпеня 79 гадоў таму. У гэты дзень былі адабраны дзесяць чалавек, якія павінны былі памерці галоднаю смерцю за тое, што адзін з вязняў з іхняга блока ўцёк з лагера.

Лагерны здымак / Wordpress.com

Памерлы ў 2006 годзе Міхал Міхэрдзінскі быў адным з апошніх сведкаў таго, як падчас пераклічкі айцец Максімільян Кольбэ прапанаваў сябе замест незнаёмага яму чалавека, асуджанага на смерць.

Відавочца сцвярджаў, што гэта адбылося акурат 29 ліпеня.

У гэты дзень у адсутнасць каменданта лагера Рудольфа Хёса яго намеснік Карл Фрыч, каб адпомсціць за ўцёкі аднаго з вязняў, выбраў дзесяць закладнікаў сярод жыхароў блока № 14, якіх асудзіў на галодную смерць.

Айцец Максімільян Кольбэ трапіў у канцэнтрацыйны лагер 28 мая 1941 года і атрымаў там нумар 16670. Першапачаткова ён быў размеркаваны на працу па перавозцы жвіру для пабудовы агароджы каля крэматорыя, а потым далучаны да брыгады, якая будавала агароджу вакол пашы.

У нялюдскіх умовах нацысцкага лагера смерці стан здароўя святара моцна пагоршыўся, і ён трапіў у шпіталь, дзе іншыя вязні клапаціліся пра яго. Як толькі айцу Максімільяну стала лепш, яны літаральна выгналі яго адтуль, баючыся, каб яго там не забілі. Пасля гэтага святара скіравалі на менш цяжкія працы: спачатку ў майстэрню па рамонце адзення, а потым у бульбасховішча пры кухні.

Выява: Auschwitz Memorial / Muzeum Auschwitz / Facebook

За некалькі тыдняў да смерці айцец Максімільян сказаў аднаму з вязняў:

«Нянавісць не можа быць творчай сілай. Творчая сіла — гэта любоў».

Падчас пераклічкі на лагерным пляцы былі адабраныя 10 чалавек, якім было наканавана памерці за тое, што адзін з вязняў, Зыгмунт Піляўскі, уцёк з блока. Тады айцец Максімільян выйшаў з шэрагу і па-нямецку звярнуўся да намесніка каменданта Карла Фрыча з просьбай, каб яму дазволілі замяніць сабою незнаёмага яму вязня Францішка Гаёўнічка, які маліў літасці і тлумачыў, што мае сям’ю. За парушэнне рэжыму святара маглі адразу ж застрэліць або далучыць да асуджаных без выканання яго просьбы. Аднак нацысты задаволілі просьбу францішканіна.

Выява: Мaryjni.pl

Айцец Максімільян Кольбэ апошнія дні свайго жыцця правёў у камеры № 18 у сутарэннях блоку № 11, куды яго змясцілі разам з групай іншых асуджаных на смерць. Як узгадвалі пазней іншыя вязні, асуджаныя спачатку спявалі і ўголас маліліся. Праз некалькі дзён з камеры ўжо не было чуваць галасоў. Карнікі выносілі адно за адным целы загінулых.

Айцец Максімільян памёр апошнім 14 жніўня, дабіты смяротнай ін’екцыяй.

Бруна Барговец, перакладчык з блока смерці, які перажыў лагер у Асвенцыме, узгадваў: «Айцец Кольбэ з адкрытымі вачыма сядзеў на падлозе, прытуліўшыся да сцяны. Яго цела было чысцюткім і ззяла».

Выява: Я. Ройзман / Facebook

17 кастрычніка 1971 года Папа Павел VI абвясціў айца Максімільяна Кольбэ благаслаўлёным, а Папа Ян Павел ІІ 10 кастрычніка 1982 года кананізаваў яго, далучыўшы да мучанікаў Каталіцкага Касцёла.

У камеры, дзе сканаў святы Максімільян Марыя Кольбэ, маліліся тры апошнія Пантыфікі: Ян Павел ІІ, Бэнэдыкт XVI, а таксама Папа Францішак падчас сваёй пілігрымкі ў мемарыял Аўшвіц-Біркенаў.

Уратаваны дзякуючы самаахвяраванню святога Максімільяна Кольбэ Францішак Гаёўнічак перажыў вайну. Ён памёр у 1995 годзе ва ўзросце 94-х гадоў і быў пахаваны на могілках пры францішканскім кляштары ў Непакалянаве.

Францішак Гаёўнічак / ftpn.pl

Максімільян Кольбэ нарадзіўся 8 кастрычніка 1894 года ў Польшчы і на хросце атрымаў імя Раймунд. У 1910 годзе ўступіў у ордэн францішканаў, дзе прыняў імя Максімільян. Вучыўся ў Рыме, дзе ў 1917 годзе заснаваў таварыства Рыцараў Беззаганнай.

Праз два гады вярнуўся на радзіму і з 1922 па 1927 год служыў у кляштары францішканаў у Гродне.

У 1927 годзе заснаваў пад Варшавай кляштар-выдавецтва Непакалянаў. Праз тры гады выехаў у Японію, адкуль вярнуўся ў 1936 годзе. Стаў настаяцелем у Непакалянаве, які ў той час быў самым вялікім каталіцкім кляштарам у свеце.

У верасні 1939 года нацысты ў першы раз арыштавалі айца Максімільяна і іншых францішканаў з Непакалянава. Іх вызвалілі ў снежні, але 17 лютага 1941 года айца Максімільяна зноў арыштавалі, і ў выніку ён трапіў у канцэнтрацыйны лагер у Асвенцыме.

Літургічны ўспамін святога Максімільяна Марыі Кольбэ адзначаецца 14 жніўня.

Выява: Мisericors.org

Абноўлена 29.07.2020 17:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.