Пошук

14.08.2019 14:37   Catholic.by
Выява: misericors.org

14 жніўня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін святога Максімільяна Марыі Кольбэ, які ў 1941 годзе ахвяраваў сваё жыццё за іншага чалавека ў канцэнтрацыйным лагеры ў Асвенцыме.

Выява: franciszkanie.pl
Як апавядаў сам будучы святы, ва ўзросце 12-і гадоў яму з’явілася Маці Божая, якая трымала ў руках дзве кароны: белую — сімвал чысціні, і чырвоную — сімвал мучаніцтва.

«Якую ты выбіраеш?» — спыталася ў падлетка Багародзіца.

Максімільян без ваганняў выбраў абедзве.

Францішканскі манах і місіянер, Максімільян Марыя Кольбэ актыўна распаўсюджваў культ Марыі Беззаганнай. З гэтай мэтай ён заснаваў апостальскі рух «Рыцарства Беззаганнай» і выдаваў часопіс «Рыцар Беззаганнай», які доўгі час выходзіў на тэрыторыі Беларусі, у Гродне.

Сёння натхнёны пабожнымі памкненнямі святога Максімільяна часопіс для дзяцей «Маленькі рыцар Беззаганнай» з’яўляецца найбольш папулярным каталіцкім перыядычным выданнем на беларускай мове, адрасаваным маленькім чытачам.

У лютым 1941 г. айца Максімільяна арыштавала Гестапа. Пасля трох месяцаў зняволення манах быў скіраваны ў канцэнтрацыйны лагер у Асвенцым.

У ліпені таго ж года з лагера ўцёк адзін зняволены, што стала прычынай нялюдскай карнай акцыі, прыдуманай гітлераўцамі. З усяго бараку, у якіх трымалі людзей, кожны дзясяты быў асуджаны на смерць ад голаду. Сярод няшчасных быў вызначаны таксама Францішак Гаёўнічак, муж і бацька сям’і.

Выява: maryjni.pl

Айцец Максімільян дабравольна прапанаваў узамен за яго ацаленне сваё жыццё.

Два тыдні працягвалася галодная пакута, падчас якой айцец Максімільян суцяшаў і духоўна падтрымліваў асуджаных разам з ім.

Урэшце напярэдадні ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі манах, які адзіны яшчэ заставаўся ў жывых, быў забіты смяротнай ін’екцыяй фенолу.

Выява: maryjni.pl

У 1971 г. папа Павел VI абвясціў Максімільяна Кольбэ благаслаўлёным, а 10 кастрычніка 1982 г. папа Ян Павел ІІ кананізаваў святара, які аддаў сваё жыццё за іншага чалавека, даўшы такім чынам сведчанне сапраўднай Хрыстовай любові да бліжняга.

Абноўлена 14.08.2024 11:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця