Католікі беларускага паходжання, якія жывуць у сталіцы Расеі, другі месяц працягваюць маліцца перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам у капліцы маскоўскага кляштара айцоў францішканаў.
У святой Імшы на роднай мове разам удзельнічаюць вернікі заходняга і ўсходняга абрадаў. На Эўхарыстыі збіраюцца як тыя, хто пастаянна жыве ў Маскве і вобласці, так і тыя, хто часова прыехаў у сталіцу суседняй дзяржавы і даведаўся аб магчымасці памаліцца па-беларуску разам з суайчыннікамі.
У чэрвені перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам перад Імшой адбываецца традыцыйнае набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
Сабраныя ўзносяць супольныя малітвы за Бацькаўшчыну, за навяртанне да Бога ўсіх, хто адвярнуўся ад Яго і прычыняе зло іншым людзям, за аднаўленне санктуарыя Маці Божай Будслаўскай, абраз якой заўсёды прысутнічае на малітоўных сустрэча беларускай дыяспары ў францішканскім кляштары, дзе католікамі беларускага паходжання апякуецца айцец Пётр Карнелюк OFMConv.
На заканчэнне святой Імшы была прачытана малітва да Маці Божай, Апякункі Беларусі паводле святога Яна Паўла ІІ і праспяваны беларускі рэлігійны гімн «Магутны Божа».