Пошук


«Згодна з паведамленнямі, каля 200 мільёнаў хрысціян жывуць пад пагрозай фізічнага гвалту, зняволення, катаванняў ці нават смерці з-за таго, што яны маюць веру, непрымальную для валадароў у той ці іншай частцы свету», — адзначыў 20 красавіка кардынал Дональд Вёрл, арцыбіскуп Вашынгтона.

Іерарх выступаў на сімпозіуме ў Нацыянальным клубе прэсы ў сталіцы ЗША, які быў прысвечаны выхаду даклада пра пераслед хрысціян.

Кардынал Вёрл. Фота CNS

Як сказаў кардынал, спасылаючыся на паведамленні прэсы, амаль кожную гадзіну дзесьці ў свеце забіваюць хрысціяніна.

Гэта адпавядае лічбе, якую называў у аналізе Цэнтр вывучэння новых рэлігій у Турыне. Па яго ацэнках, у 2016 годзе загінула каля 9 тысяч хрысціян. Гэта прыкладна на 20 працэнтаў больш, чым у 2015 годзе.

У прэзентаваным дакладзе адзначаецца, што хрысціяне рэагуюць на тэрор пераважна «негвалтоўнымі стратэгіямі выжывання», хоць зрэдку і бяруць зброю для самаабароны.

Гэтак у Сірыі дзейнічае хрысціянскае апалчэнне «Сірыйская вайсковая рада», якая ўваходзіць у склад «Сірыйскіх дэмакратычных сіл» — вайскова-палітычнага аб'яднання, якое атрымлівае дапамогу ЗША і адначасова ваюе з ісламістамі і мясцовым Прэзідэнтам Башарам Асадам.

Хрысціянкі з жаночага атраду «Сірыйскай вайсковай рады». Фота ypgrojava.org

Найбольш жорстка хрысціян пераследуюць камуністычныя рэжымы, такія як Паўночная Карэя (КНДР), ісламісцкія калядзяржаўныя ці недзяржаўныя структуры, такія як тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава».

«Гэта праблема не толькі хрысціян. Гэта крызіс чалавечнасці... Трэба зрабіць так, каб пераслед хрысціян нельга было ігнараваць», — заявіў іерарх.

Аляксандр Гелагаеў

Абноўлена 23.08.2017 14:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця