Пошук

25.05.2021 10:26   Аляксей Бука / Catholic.by

23 мая, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у капліцы францішканскага кляштара ў Маскве перад святой Імшой на беларускай мове адбылося традыцыйнае Маёвае набажэнства перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам і абразом Маці Божай Будслаўскай.

Вернікі разам праслаўлялі Бога, перапрашалі за грахі, з надзяй і любоўю ўзносілі супольныя малітвы, у тым ліку і аб адбудове пацярпелага ад пажару санктуарыя ў Будславе.

Урачыстасць спаслання Духа Святога — гэта свята прыняцця людзьмі Духа Жыцця і Праўды, Духа-Суцяшыцеля, Духа-Пераможцы. Толькі дзякуючы дарам Духа Святога чалавек можа прыняць усю паўнату веры, быць свабодным ад граху, ілжы і несправядлівасці.

Падчас святой Імшы ва ўрачыстасць Пяцідзесятніцы маскоўскія католікі асабліва маліліся за тых, хто пакутуе за праўду з-за ілжывых сведчанняў, з-за дзеянняў тых, хто адмаўляецца прыняць Духа Святога; за тых, хто моцна пацярпеў за праўду.

Хрысціяне жывуць упэўненасцю ў тым, што толькі праўда і вера ў Бога ў Тройцы Адзінага перамагае цемру; што толькі з Духам Святым магчыма зрабіць свет больш шчаслівым. Хрыстус, які перамог зло і смерць, падбадзёрвае сваіх вучняў: «Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі ўва Мне спакой. У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16, 29–33).

Беларусы-католікі Масквы ўдзячныя айцу Пятру Карнелюку OFMConv, які цэлебраваў для іх Імшу на роднай мове, і братам францішканам, якія заўседы з Божаю любоўю прымаюць беларускую каталіцкую суполку расійскай сталіцы ў капліцы свайго кляштару. З гэтага часу малітвы па-беларуску перад Найсвяцешым Сакрамэнтам плануецца праводзіць штомесяц.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.