22 мая, у вігілію ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, у касцёле святога Стэфана ў Ерузалеме сабраліся ардынарыі Святой Зямлі на супольную малітву аб міры, да якой заклікаў Папа Францішак.
Як паведамляе Польская рэдакцыя парталу Vatican News, лацінскі Патрыярх Ерузалема арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала ў сваёй гаміліі звярнуў увагу на тое, што сабраныя яднаюцца ў малітве «аб заканчэнні вайны з сем’ямі тых, хто загінуў у апошнія дні, з тымі, хто страціў дом і працу».
Патрыярх нагадаў, што ерузалемскі Касцёл першым перажыў спасланне Духа Святога ў разнастайнасці культур, моваў і харызмаў. Яго заданнем і сёння з’яўляецца сведчанне аб дары адзінства і міру, асабліва ў сітуацыі разладу з прычыны нянавісці, рэлігійных і палітычных падзелаў. Гэта, магчыма, першая місія і пакліканне Касцёла. У Кнізе прарока Ісаі тоеснасць святога горада была акрэслена як «дом малітвы для ўсіх народаў».
Гэты горад з’яўляецца сэрцам Божага Аб’яўлення і застаецца вартаўніком імкнення да еднасці паміж Богам і чалавекам. Таксама сёння ён яднае розныя рэлігіі, культуры, мовы і традыцыі ў супольным жаданні шукаць Бога.
Кожны венік духоўна з’яўляецца жыхаром Ерузалема, і тут знаходзіцца яго сэрца.
Арцыбіскуп Піцабала заўважыў, што святыя месцы Ерузалема — гэта скарб, які вернікі ахоўваюць з пашанай і руплівасцю. Усе яго жыхары, па словах іерарха, з’яўляюцца часткай рознакаляровай і непаўторнай мазаікі жыцця, а таксама часткай вялікага плану, тканіны, вышытай самім Богам. Гэтая тканіна далікатная, яе трэба захоўваць з належнай стараннасцю і пашанай. Таму заданнем адказных асоб як з рэлігійнага боку, так і з палітычнага, з’яўляецца захаванне з асаблівай асцярожнасцю гэтай выключнай і ўнікальнай спадчыны.
Кожнае прысвойванне, кожны падзел, кожны жэст выключэння і адкідання іншага з’яўляецца глыбокай ранай для жыцця горада, а таксама прычыняе боль усім, бо ўсе мы — часткі аднаго цела.
Патрыярх падкрэсліў, што Ерузалем належыць усім: хрысціянам, юдэям і мусульманам; ізраільцянам і палестынцам. Усе маюць аднолькавыя правы і годнасць. Кожнае выключэнне або навязванне шкодзіць тоеснасці горада, і пра гэта нельга маўчаць або не звяртаць на гэта ўвагі.