У сувязі з Годам святога Юзафа ў рымскай базыліцы Сан-Сальваторэ-ін-Лаўро 21 мая распачынаецца надзвычайнае выстаўленне каштоўных рэліквій, звязаных са Святой Сям’ёй.
Як адзначае Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у IV стагоддзі іх прывёз у Рым святы Геранім, які атрымаў іх ад хрысціянаў Святой Зямлі падчас свайго 20-гадовага знаходжання ў Бэтлееме. Гэта вэлюм Марыі і фрагмент плашча святога Юзафа.
На працягу 1600 гадоў яны захоўваюцца ў Рыме ў базыліцы святой Анастазіі на Палатыне і вельмі рэдка выстаўляюцца, дзякуючы чаму яркія фарбы на вэлюме Марыі захоўваюцца і па гэты дзень.
У базыліцы Сан-Сальваторэ-ін-Лаўро рэліквіі будуць знаходзіцца на працягу 10 дзён. Вернікі будуць маліцца перад імі аб «ласцы прабачэння і міласэрнасці».
Надзвычайнае выстаўленне рэліквій будзе суправаджацца разважаннямі на тэму Апостальскага ліста Папы Францішка пра святога Юзафа Patris corde. Іх прапануюць, між іншым, кардыналы Маўро П’ячэнца, Анджэло Камастры, Дамэніко Мамбэрці, Джузэпэ Пэтрокі і арцыбіскуп Рыно Фізікела.
Базыліка Найсвяцейшага Збаўцы знаходзіцца ў цэнтры старога горада непадалёк ад плошчы Навона. Гэта рымскі санктуарый Маці Божай Ларэтанскай і святога Падрэ Піо.
Маленькі кавалачак плашча, які належаў Абранніку Багародзіцы, калі верыць суправаджальным дакументам, што пацвярджаюць аўтэнтычнасць рэліквіі, захоўваецца таксама ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі.